Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛЬФ І. І ПЯТРО́Ў Я.,

расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр. Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр. Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1961;

Бел. пер. — Аднапавярховая Амерыка. Мн., 1938.

С.Ф.Кузьміна.

т. 7, с. 203

ІЛЬХА́НАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

гл. Хулагуідаў дзяржава.

т. 7, с. 203

І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),

украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял. Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1989.

В.А.Чабаненка.

т. 7, с. 204

ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел. нац. камісарыята, заг. бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг. бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг. гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг. бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.

Я.С.Фалей.

т. 7, с. 204

Ільюшчанка Аляксандр Фёдаравіч

т. 18, кн. 1, с. 393

ІЛЬЮ́ШЧЫЦ (Канстанцін Мікалаевіч) (н. 2.1.1947, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1968). У 1968—92 на ваен. службе. Друкуецца з 1965. Гал. тэма твораў — родная Беларусь, служба вайскоўцаў (зб-кі «Армейскія будні», 1977, «Таежны гарнізон», 1982, і інш.). Асобныя яго творы перакладзены на ўкр., груз. і рус. мовы.

т. 7, с. 204

ІЛЬЮ́ШЫН (Іван Макаравіч) (1.7.1903, в. Прокшанічы Магілёўскага р-на — 5.10.1997),

бел. філосаф, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1950). Скончыў БДУ (1930). З 1932 на навук. і парт. рабоце, з 1944 нам. старшыні СМ БССР. З 1947 дырэктар Ін-та філасофіі і права, гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі. У 1951—61 міністр асветы БССР. У 1961—75 на выкладчыцкай рабоце. Асн. працы па праблемах тэорыі пазнання, нац. палітыкі, развіцця нар. асветы на Беларусі.

Тв.:

Аб пралетарскім інтэрнацыяналізме ў нацыянальна-каланіяльным пытанні. Мн., 1935 (разам з С.Я.Вольфсанам);

Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961 (разам з С.А.Умрэйкам).

І.М.Ільюшын.

т. 7, с. 204

ІЛЬЮ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (30.3.1894, с. Дзілялёва Валагодскай вобл., Расія — 9.2.1977),

савецкі авіяканструктар. Акад. АН СССР (1968), ген.-палк. інж.-тэхн. службы (1967). Тройчы Герой Сац. Працы (1941, 1957, 1974). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1926). З 1916 у авіяцыі, у 1919—21 у Чырв. Арміі, у 1926—31 у навук.-тэхн. камітэце ВПС. З 1931 нач. Цэнтр. канструктарскага бюро, з 1933 гал. і ген. канструктар КБ. Праф. Ваенна-паветр. акадэміі (1948). Пад яго кіраўніцтвам створаны розныя тыпы самалётаў з поршневымі і турбарэактыўнымі рухавікамі: бамбардзіроўшчык Іл-4; штурмавікі Іл-2 (1939), Іл-8, Іл-10 (1943); рэактыўныя бамбардзіроўшчык Іл-28 (1948) і штурмавік Іл-40 (1953); пасажырскія самалёты Іл-12 (1946), Іл-14 (1951), Іл-18 (1957), Іл-62 (1962). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1950, 1952. Ленінская прэмія 1960.

С.У.Ільюшын.

т. 7, с. 204

І́ЛЬЯ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Ілія, на аўтадарозе Сосенка—Краснае. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПдУ ад г. Вілейка, 75 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Уша. 1803 ж., 602 двары (1997).

Вядома з 1475 як двор браслаўскага намесніка Б.А.Саковіча. У 16—18 ст. належала Збаражскім, Глябовічам, Друцкім-Сакалінскім, Савіцкім, М.Клеафасу Агінскаму і інш. З 1564 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 ст. ў Вілейскім пав. Віленскай губ. У 1886—318 ж., 40 двароў, 2 царквы, школа, 2 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы. У 1931 цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Ільянскага раёна Вілейскай вобл., вёска. У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 1495 чал. У 1942 у выніку 2 масавых распраў над мірным насельніцтвам загінула 750 чал. У пач. ліп. 1944 вёска спалена карнікамі. У 1957 у Вілейскім р-не. У 1971—2179 ж., 530 двароў.

Лясніцтва, хлебазавод, дрэваапр. цэх. Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, вет. аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — гасцініца (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Сэрца Ісуса (1908), Ільінская царква (пач. 20 ст.). Помнік археалогіі — рэшткі шкляной мануфактуры (канец 18 — пач. 19 ст.).

т. 7, с. 204

ІЛЬЯМПУ́ (Illampú),

гара ў Паўд. Амерыцы, у хр. Кардыльера-Рэаль. Выш. 6485 м. Ледавікі.

т. 7, с. 204