І́ЛЬЯ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на р. Ілія, на аўтадарозе Сосенка—Краснае. Цэнтр сельсавета. За 37 км на ПдУ ад г. Вілейка, 75 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Уша. 1803 ж., 602 двары (1997).
Вядома з 1475 як двор браслаўскага намесніка Б.А.Саковіча. У 16—18 ст. належала Збаражскім, Глябовічам, Друцкім-Сакалінскім, Савіцкім, М.Клеафасу Агінскаму і інш. З 1564 мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 ст. ў Вілейскім пав. Віленскай губ. У 1886—318 ж., 40 двароў, 2 царквы, школа, 2 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы. У 1931 цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Ільянскага раёна Вілейскай вобл., вёска. У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 1495 чал. У 1942 у выніку 2 масавых распраў над мірным насельніцтвам загінула 750 чал. У пач. ліп. 1944 вёска спалена карнікамі. У 1957 у Вілейскім р-не. У 1971—2179 ж., 530 двароў.
Лясніцтва, хлебазавод, дрэваапр. цэх. Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, вет. аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — гасцініца (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Сэрца Ісуса (1908), Ільінская царква (пач. 20 ст.). Помнік археалогіі — рэшткі шкляной мануфактуры (канец 18 — пач. 19 ст.).
т. 7, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)