ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел. нац. камісарыята, заг. бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг. бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг. гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг. бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.
Я.С.Фалей.
т. 7, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)