Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАЗДАТЧЫК КАРМО́Ў, кормараздатчык,

машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.

Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.

Раздатчыкі кармоў: 1 — стацыянарны транспарцёр-раздатчык; 2 — прычапны раздатчык-змяшальнік.

т. 13, с. 256

РАЗДЗЯ́ЛАВІЧЫ,

вёска ў Хатыніцкім с/с Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Бобрык, каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр калгаса. За 26 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ганцавічы, 272 км ад Брэста. 1825 ж., 540 двароў (2001). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму.

т. 13, с. 256

РАЗДЗЯ́ЛАВІЧЫ,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аднайм. вёскі. Створана ў 1983. Наліўное, напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы. Пл. 1,9 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 9,9 м, аб’ём вады 9,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 5,4 км. Сярэдні шматгадовы сцёк 33,7 млн. м³. Ваганні ўзроўню на працягу года каля 4 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання сцёку, арашэння зямель.

т. 13, с. 256

РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 256

РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),

бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.​І.​Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.​Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.

Л.​Ф.​Салавей.

Я.Раздзялоўская. Мальвы. 1976.

т. 13, с. 256

РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.

Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.​Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.

т. 13, с. 257

РАЗДЗЯРЖА́ЎЛЕННЕ перадача ад дзяржавы фізічным або юрыдычным асобам часткова або поўнасцю, у т. л. праз прыватызацыю, функцый непасрэднага кіравання гаспадарчымі суб’ектамі. Садзейнічае ўмацаванню самастойнасці таваравытворцаў, напаўненню рынку таварамі (паслугамі), павышэнню іх якасці, ліквідацыі манапалізму дзярж, прадпрыемстваў. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і праграмамі прыватызацыі.

т. 13, с. 257

РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг. вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г. жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.

Тв.:

Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.

т. 13, с. 257

РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 257

РАЗДЫМНА́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спалучэнне дэталей ў вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.

т. 13, с. 257