РАЗДЗЯЛО́ЎСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (1.3.1902, г. Бяла-Падляска, Польшча — 26.8.1992),
бел. жывапісец. Засл. дз. культуры Польшчы (1982). Скончыла Варшаўскую маст. школу (1939). У 1959—77 выкладала ў студыі выяўл. мастацтва ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Творчасці ўласцівы гарманічнасць каларыту, дакладнасць маст. вобраза, лірычнасць. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Немцы адступаюць» (1946), «У рабства» (1947), «Дом-музей П.І.Чайкоўскага ў Кліне» (1951), «Раніца» (1956), «Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака ў Туганавічах» (1965); партрэтаў «Дзяўчынка ў ружовым» (1956), «Маладая балерына» (1960), «Цыганка з дзіцем» (1968), «Мастак Б.Шахназараў» (1981); пейзажаў «Масток» (1956), «Від на аул Кубачы» (1963), «Нясвіж. Вясна ў парку» (1975), «Вясна ў лесе» (1982); нацюрмортаў «Кветкі і фрукты», «Вясновы нацюрморт» (абодва 1963), «Чаромха» (1966), «Белая акацыя», «Нацюрморт з вінаградам», «Мальвы» (усе 1976), «Нацюрморт з рабінаю» (1980), «Вязынка», «Рэквіем», «Родныя кветкі» (усе 1982), «Сказ беларускага лесу» (1984) і інш. Працавала таксама ў графіцы.