РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз. ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз. рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)