Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАРА́ДАВАЯ ЦО́ТНАСЦЬ, C-цотнасць,

квантавы лік сапраўды нейтральнай элементарнай часціцы (сістэмы часціц), які вызначае паводзіны яе хвалевай функцыі пры зарадавым спалучэнні. У працэсах, абумоўленых гравітацыйнымі, эл.-магн. або моцнымі ўзаемадзеяннямі, З.ц. захоўваецца (не мяняецца).

Пры зарадавым спалучэнні хвалевая функцыя сапраўды нейтральнай часціцы не мяняецца (дадатная З.ц.) або мяняе знак (адмоўная З.ц.). Для фатона З.ц. адмоўная: C = −1, гэта вынікае з таго, што пры зарадамі спалучэнні эл. зарады, а значыць, і эл.магн. палі, квантамі якіх з’яўляюцца фатоны, мяняюць знак. Для π​0− і η​0− мезонаў, якія распадаюцца на 2 γ-кванты, C = 1. Сапраўды нейтральнай сістэмай з’яўляецца пазітроній (звязаны стан электрона і пазітрона), для якога C = (−1)​J+l, дзе J — поўны спін сістэмы, l — арбітальны момант іх адноснага руху. Гэтай формулай вызначаецца таксама З.ц. сапраўды нейтральных мезонаў, пабудаваных з кварка і адпаведнага антыкварка.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

А.У.Астапенка.

т. 6, с. 536

«ЗАРА́ДНА»

(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),

рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв.вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.

Р.К.Паўловіч.

Рачная кананерская лодка «Зарадна».

т. 6, с. 536

ЗАРА́ДУ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.

Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).

А.У.Астапенка.

т. 6, с. 536

ЗАРА́Д ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

крыніца электрамагнітнага поля, звязаная з матэрыяльным носьбітам; унутраная характарыстыка элементарнай часціцы, якая вызначае яе электрамагнітнае ўзаемадзеянне. З.э. любога зараджанага цела — цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. Поўны З.э. замкнутай сістэмы захоўваецца пры любых узаемадзеяннях (гл. Зараду захавання закон). Адрозніваюць З.э.: дадатны (напр., зарад наэлектрызаванага шкла) і адмоўны (зарад наэлектрызаванага бурштыну). Сіла ўзаемадзеяння паміж зараджанымі целамі (часціцамі), якія знаходзяцца ў спакоі, падпарадкоўваецца Кулона закону. Узаемасувязь паміж З.э. і эл.-магн. полем вызначаецца Максвела ўраўненнямі.

А.У.Астапенка.

т. 6, с. 536

ЗАРА́Д ЭЛЕМЕНТА́РНЫ,

найменшы зарад электрычны (дадатны ці адмоўны), роўны па абс. значэнні зараду электрона. Абазначаецца e і роўны 1,60211733(49)∙10​19 Кл (упершыню вымераны Р.Мілікенам у 1911). Усе элементарныя часціцы маюць зарад 0 (напр., нейтроны), (пратоны, пазітроны) або (электроны, антыпратоны); выключэнне — некаторыя рэзанансы, зарад якіх кратны е. Часціцы з дробавымі З.э. не назіраліся, аднак у тэорыі моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка) мяркуецца існаванне часціц з зарадам, кратным (​1/3)e (гл. Кваркі).

А.У.Астапенка.

т. 6, с. 536

ЗАРАЖА́НКА,

назва р. Галбіца ў верхнім і сярэднім цячэнні.

т. 6, с. 536

ЗАРАЗІ́ХА, ваўчок (Orobanche),

род кветкавых раслін сям. заразіхавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляюцца 9 відаў: З. галінастая (O. ramosa), белая (O. alba), эльзаская (O. alsatica), гваздзіковая (O. caryophyllacea), блакітнаватая (O. coerulescens), парэзнікавая (O. libanotidis), кумская, або сланечнікавая (O. cumana), высокая (O. elatior), бледнакветкавая (O. pallidiflora).

Адна-, двух- і шматгадовыя бесхларафільныя травяністыя расліны. Сцёблы тоўстыя, мясістыя, простыя або галінастыя, каля асновы звычайна клубне- ці булавападобнапатоўшчаныя, з прысоскамі (гаўсторыямі) — відазмененымі каранямі, якімі З. прысмоктваецца да каранёў раслін, на якіх яна паразітуе. Лісце чаргаванае або супраціўнае, лускападобнае. Кветкі з трубчастым, двухгубым вяночкам рознага колеру, сабраны ў коласа- ці гронкападобныя суквецці. Плод — 2—3-створкавая шматнасенная каробачка. Лек. і харч. расліны, некат. віды (напр., З. галінастая) — пустазелле.

Г.У.Вынаеў.

Заразіха блакітнаватая.

т. 6, с. 536

ЗАРА́ЗНЫЯ ХВАРО́БЫ,

гл. Інфекцыйныя хваробы.

т. 6, с. 537

ЗАРА́ЙСК,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., на р. Асётр. Вядомы з 13 ст., горад з 1778. 27,1 тыс. ж. (1992). Чыг. станцыя. Прам-сць: металаапр., лёгкая і харч.; вытв-сць будматэрыялаў. Музеі гіст.-маст. і скульптара Г.С.Галубкінай. Крэмль (1531) з Нікольскім саборам (1681) і царквой Іаана Прадцечы (1821), Благавешчанская (пач. 19 ст.), Троіцкая (1788), Ільінская (1835) цэрквы, гандл. рады 19 ст.

т. 6, с. 537

ЗАРА́КА-ЗАРАКО́ЎСКІ (Баляслаў Францавіч) (30.3.1894, г. Полацк Віцебскай вобл. — 2.12.1963),

генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1913, у Чырв. Арміі з 1918. У 1932—41 нач. кафедры Ваенна-інж. акадэміі, дацэнт Маскоўскага гідрамеліярац. ін-та. У Вял. Айч. вайну на Зах. і 1-м Бел. франтах, камандзір палка, дывізіі, нам. нач. штаба 1-га Бел. фронту. У 1944—48 на адказных пасадах у Войску Польскім.

т. 6, с. 537