Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЫТАНІ́Т,

запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 321

ПЕРЫТЭ́ЦЫЙ (ад перы... + грэч. thēkē ёмішча, сумка),

мікраскапічнае пладовае цела некат. грыбоў аскаміцэтаў (напр., пірэнаміцэтаў). Форма звычайна грушападобная з вывадной адтулінай на верхавінцы, праз якую выкідваюцца аскаспоры. Утвараецца пераважна на міцэліі.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФЕРЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

гл. ў арт. Вегетатыўная нервовая сістэма.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФЕРЫ́Я (ад грэч. periphereia акружнасць),

1) ускраіна, аддаленая ад цэнтра мясцовасць, а таксама мясц. ўстановы ў адрозненне ад цэнтральных.

2) Аддаленая ад цэнтра частка чаго-н., напр., нервовая П.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФІТО́Н,

гл. Абрастанні.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),

сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.

Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.​Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.

Літ.:

Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.

Г.​М.​Малажай.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЦЫ́КЛ (ад перы... + цыкл),

перыкамбій, утваральная тканка з жывых танкасценных клетак; вонкавая ч. праводных восевых органаў маладых раслін, іх каранёў і сцёблаў, якая знаходзіцца вакол цэнтральнага цыліндра. У П. закладваюцца бакавыя і прыдаткавыя карані, у сцёблах П. фарміруе мех. тканкі (склеранхіму).

т. 12, с. 322

ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),

непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.

т. 12, с. 322

ПЕРЫ́ЯД у музыцы,

найбольш простая кампазіцыйная форма, якая ўвасабляе завершаную ці адносна завершаную муз. думку; мае самаст. значэнне ці ўваходзіць у больш буйныя формы музычныя. Нарматыўным лічыцца П. з 2 падобных па структуры частак — сказаў, якія заканчваюцца рознымі кадэнцыямі: 1-ы сказ звычайна палавіннай, 2-і — поўнай (гл. Сказ у музыцы). Метрычная аснова П. — квадратнасць, заснаваная на аднолькавай колькасці тактаў (2, 4, 8, 16, 32) у кожным сказе. Іншыя тыпы П. абумоўлены жанрам, стылем музыкі, прынцыпамі будовы формы, пэўнай маст. мэтай (змяняюцца колькасць і памер сказаў, тыпы кадансавання, метрычная будова і інш.).

П. вядомы з 16—17 ст. у еўрап. прафес. музыцы. Вял. значэнне ў яго фарміраванні мелі нар. і быт. танц. і песенна-танц. жанры. Адсюль тэндэнцыя да квадратнасці — асновы танц. музыкі. Для працяжнай бел., рус. і ўкр. песні квадратнасць не характэрна. У прафес. творчасці П. звычайна ўваходзяць у больш буйныя формы. Як самаст. форма сустракаецца пераважна ў песні, у вакальнай ці інстр. мініяцюры.

Літ.:

Гл. да арт. Форма музычная.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 322

ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,

запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг. працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.

т. 12, с. 322