ВЕ́ТЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 28 км на ПдЗ ад г. п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, пад лесам, на Пд і У разараныя. Берагі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Уваходзіць у зону адпачынку Ушачы.
т. 4, с. 131
ВЕ́ТШТАЙН
(Wettstein) Рыхард фон (30.6.1863, Вена — 10.8.1931),
аўстрыйскі батанік. Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1927). Скончыў Венскі ун-т (1883). З 1892 праф. ням. ун-та ў Празе, з 1899 праф. ун-та і дырэктар Бат. ін-та і сада ў Вене. Аўтар канцэпцыі паходжання кветак абодвух полаў пакрытанасенных раслін з некалькіх аднаполых (мужчынскіх і жаночых кветак) голанасенных і заснаванай на ёй філагенетычнай сістэмы («Дапаможнік па сістэматыцы раслін», т. 1—2, 1901—08). Вызначыў сезонны дымарфізм у кветкавых раслін. Распрацаваў марфолага-геагр. метад у сістэматыцы раслін.
т. 4, с. 131
ВЕ́ТЭМАА
(Vetemaa) Эн (н. 20.6.1936, Талін),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1977). Скончыў Талінскі політэхн. ін-т (1959), Талінскую кансерваторыю (1965). Друкуецца з 1958. Аўтар паэт. зб-каў «Пераломны ўзрост» (1962), «Гульня ў снежкі» (1966), цыкла «маленькіх раманаў» («Манумент», 1965; «Стомленасць», 1967; «Рэквіем для губнога гармоніка», 1968; «Яйкі па-кітайску», 1969), рамана «Серабрыстая стужка» (1977). У творах узнімае маральна-этычныя праблемы, праблемы узаемаадносін сучасніка з грамадствам, крытыкуе цынічна-спажывецкія адносіны яго да жыцця. Майстар сац. гратэску (п’есы «Вячэра на пецярых», 1974; «Зноў гора ад розуму», 1975; «Ружоўнік», паст. 1976), камедыёграф («Сусана, або Школа майстроў», нап. 1974, і інш.). Зрабіў стылізаванае пералажэнне нар. эст. эпасу «Успаміны Калевіпоэга» (1971).
т. 4, с. 131
ВЕТЭРА́Н
(лац. veteranus ад vetus стары),
1) у Стараж. Рыме салдат, які адслужыў тэрмін у арміі. Ветэранаў надзялялі зямлёй (у Італіі ці правінцыях) або ім давалі грашовае ўзнагароджанне, вызвалялі ад павіннасцей, давалі права на рым. грамадзянства.
2) Вопытны воін, у мінулым удзельнік вайны.
3) Чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне.
т. 4, с. 131
ВЕ́ТЭРН
(Vättern),
возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 89 м. Пл. 1,9 тыс. км². Даўж. 129 км, шыр. каля 28 км, глыб. да 119 м. Берагі высокія, скалістыя, са стромкімі схіламі. Сцёк у Балтыйскае м. Суднаходнае (Ветэрн — частка ўнутр. воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг). Да Ветэрна прымыкае нац. парк Тыведэн. На Ветэрне — гарады Мутала, Хускварна, Карлсбарг; буйны порт Іёнчэпінг.
т. 4, с. 131
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ДАПАМО́ГА,
лячэбная дапамога хворай жывёле. Неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць у экстранных выпадках, калі жывёле пагражае смерць ад хваробы або траўмаў, яна абавязковая пры поласцевых раненнях, кровацячэннях, тымпаніі, коліках, атручэнні, няправільных родах; уключае тэрапеўтычную і акушэрска-гінекалагічную дапамогу, а таксама хірург. аперацыі. Звычайную і неадкладную ветэрынарную дапамогу аказваюць спецыялісты ветэрынарных лячэбніц амбулаторна, стацыянарна або на месцы — у гаспадарцы, на пашы. Прафілактычнае значэнне мае планавая ветэрынарная дапамога — дыспансерызацыя жывёлы.
т. 4, с. 132
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,
дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр. вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.
т. 4, с. 132
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛЯЧЭ́БНІЦА,
установа для аказання ўсіх відаў ветэрынарнай дапамогі жывёле. Асн. задачы: правядзенне прафілактычных, лячэбных і супрацьэпізаатычных мерапрыемстваў; вет. абслугоўванне гаспадарак і жывёлы, якая належыць насельніцтву; аказанне неабходнай дапамогі вет. спецыялістам інш. устаноў і гаспадарак. У комплекс тыпавых ветэрынарных лячэбніц уваходзяць: амбулаторыя (манеж, аптэка, кабінеты і інш. службовыя памяшканні), стацыянар для незаразных хворых жывёл, ізалятар і інш. Ветэрынарная лячэбніца забяспечваецца аўтамашынай «Хуткая ветэрынарная дапамога», аўтадэзустаноўкамі.
т. 4, с. 132
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,
галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенне ветэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.
т. 4, с. 132