Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЙМАНІ́Д ((Maimonides) Майсей) (Машэ бен Майман; 30.3.1135, г. Кордава, Іспанія — 13.12.1204),

яўрэйскі ўрач, філосаф, тэолаг, кадыфікатар Галах (збору законаў). У 1148 з-за праследаванняў пакінуў Іспанію, жыў у Марока, Палесціне, з 1165 у Егіпце. У 1187 стаў прыдворным урачом каірскага султана Салах-ад-дзіна; рабін у Каіры. Упарадкаваў і растлумачыў паданні Талмуда. У 1190 у Егіпце на араб. мове апублікаваў свой гал. філас. твор «Даведнік для тых, хто сумняваецца», які неаднаразова перакладаўся і выдаваўся на іўрыце, лац., ням. і рус. мовах. У філас. творах М, як паслядоўнік Арыстоцеля, імкнуўся сінтэзаваць біблейскае адкрыццё і арабскі арыстацелізм. Яго творы паўплывалі на развіццё схаластыкі 13—15 ст., асабліва на Альберта Вялікага і Фаму Аквінскага. Прыхільнікам М. быў С.Майман.

Тв.:

Рус. пер. — Путеводитель колеблющихся // Григорян С.Н. Из истории философии Средней Азии и Ирана VII—XII вв. М., 1960.

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 520

МАЙН (Main),

рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл. бас. 27,2 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд. ч. краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м​3/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.

т. 9, с. 520

МА́ЙНАТ ((Minot) Джордж Рычардс) (2.12.1885, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 25.2.1950),

амерыканскі гематолаг і патафізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Гарвардскі ун-т (1912), з 1928 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па паталаг. фізіялогіі і клініцы анемічных станаў. Распрацаваў метад «пячоначнай тэрапіі» злаякаснага малакроўя, што прывяло да адкрыцця вітаміну B12. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з У.Мёрфі і Дж.Уіплам).

Дж.Майнат.

т. 9, с. 520

МА́ЙНІК (Maianthenum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 від — М. двухлісты (M. bifolium). Трапляецца на сухой пясчанай глебе ў хваёвых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 40 см з тонкім паўзучым карэнішчам. Сэрцападобнае лісце (2—3) у верхняй ч. сцябла, чаргаванае, збліжанае. Кветкі дробныя, белыя, духмяныя, у верхавінкавай гронцы. Плод — чырв. ягада, ядомая. Лек. расліны.

Майнік двухлісты.

т. 9, с. 520

МА́ЙНІНГЕ́НСКІ ТЭА́ТР,

нямецкі драм. т-р 19 ст. ў г. Майнінген. Будынак т-ра ўзведзены ў 1831. Першапачаткова працавалі оперная і драм. трупы, з 1861 — драматычная. З 1860 прыдворны т-р, з 1871 — гарадскі. Перыяд найвышэйшага творчага ўздыму звязаны з дзейнасцю герцага Георга II і рэж. Л.​Кронека (1871—91). У рэпертуары т-ра п’есы ням. і замежных драматургаў: Ф.​Шылера, Г.​Лесінга, У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, Мальера, Г.​Ібсена і інш. Развіваў традыцыі т.зв. маляўнічай рэжысуры Ф.Дзінгельштэта і Л.Дэўрыента. Пастаноўкі вызначаліся зладжанасцю ўсіх элементаў спектакля, гіст. дакладнасцю вобразаў, дэкарацый, касцюмаў. З сярэдзіны 1890-х г. т-р страціў сваю значнасць.

т. 9, с. 520

МАЙНЦ (Mainz),

горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.

У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн. ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц. франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням. Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл. Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц. акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 521

МА́ЙНЦКАЯ КАМУ́НА Майнцкая рэспубліка,

першая рэспубліка на тэр. Германіі, якая існавала ў час акупацыі Рэйнскай вобл. войскамі рэв. Францыі ў аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95. Абвешчана 18.3.1793 у г. Майнц Рэйнска-нямецкім нац. канвентам (першы дэмакр. парламент у герм. гісторыі), скліканым 17 сак. ням. якабінцамі (пераважна студэнты і прафесары) на чале з А.​Гофманам і Г.​Форстэрам, якія гуртаваліся ў засн. імі на ўзор франц. Якабінскага клуба «Т-ве сяброў свабоды і роўнасці» (вядомы як Майнцкі клуб; «клубісты» лічацца пачынальнікамі рэсп. традыцыі ў Германіі). Канвент скасаваў феад. парадкі і прыняў рашэнне аб далучэнні М.к. да Францыі. Ліквідавана ў выніку заняцця Майнца 23.7.1793 прускімі і аўстр. войскамі і аднаўлення Майнцкага курфюрства.

Літ.:

Мошковская Ю.Я. Г.​Форстер — немецкий просветитель и революционер XVIII в. М., 1961;

Die Mainzer Republik. Protokolle des Jakobinerklubs. Berlin, 1975.

т. 9, с. 521

МАЙН РЫД (Mayne Reid) Томас, гл. Рыд Томас Майн.

т. 9, с. 520

МАЙРО́НІС (Maironis; сапр. Мачуліс Іонас; 2.11.1862, Пасандравіс Каўнаскага пав., Літва — 28.6.1932),

літоўскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1892), у 1894—1909 праф. гэтай акадэміі. Друкаваўся з 1885. У зб. вершаў «Галасы вясны» (1895) — гіст. мінулае Літвы, хараство роднага краю, нац.-вызв. матывы, ідэі нац. адраджэння. Аўтар вершаў, паэм філас., інтымнай тэматыкі, вершаванай гіст. драм. трылогіі «Смерць Кейстута» (1921), «Вітаўт у крыжакоў» (паст. 1925), «Вітаўт — кароль» (паст. 1930). Лірыка М. адметная эмацыянальнай напружанасцю, рамантычнай узнёсласцю, маст. завершанасцю вобразаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Р.​Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Крыўляка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521