МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Крыўляка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)