Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРО́ШЧА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,51 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 38,2 м, даўж. берагавой лініі 3,24 км, пл. вадазбору 2,4 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—14 м (на ПдЗ да 20 м, на Пн і Пд зніжаюцца да 6 м), усх. — разараныя, зах. — пад лесам. Пойма высокая, сухая, шыр. да 5 м, на Пн і Пд забалочаная, шыр. да 40—150 м. Берагі выш. 0,5—1 м, пясчаныя і супясчаныя, пад лесам і хмызняком, на ПдЗ і ПдУ зліваюцца са схіламі, на Пд на невял. участку сплавінныя. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—50 м.

т. 15, с. 530

ТРО́ШЫН Афанасій Сямёнавіч (23.12.1912, с. Альза Чамзінскага р-на, Мардовія. Расія — 24.12.1985),

расійскі вучоны ў галіне цыталогіі і біяфізікі. Чл.-кар. АН СССР (1960). Скончыў Ленінградскі ун-т (1936). З 1957 у Ін-це цыталогіі АН СССР (з 1958 дырэктар). Навук. працы па праблемах клетачнай пранікальнасці і ролі клетачных мембран. Распрацаваў сарбцыйную тэорыю клетачнай пранікальнасці і размеркавання рэчываў паміж клеткай і асяроддзем.

Тв.:

Проблема клеточной проницаемости. М.; Л., 1956;

Транспорт сахаров через клеточные мембраны. Л., 1973 (разам з М.​М.​Нікольскім).

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 530

ТРО́Я (грэч. Troia),

Іліён, старажытны горад на ПнЗ М.​Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманам у выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.​Дзёрпфельд (1893—94), К.​Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш. росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. У час Траянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.

Літ.:

Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;

Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;

Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;

Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 531

«ТРО́Я», «Гісторыя траянскай вайны», «Аповесць пра Трою». помнік бел. літаратуры 15 ст.; гіст. перакладная аповесць пра падзеі легендарнай Траянскай вайны. Асн. змест твора грунтуецца не на «Іліядзе» Гамера, а на больш позняй апрацоўцы нар. паданняў, якая ў ант. эпоху прыпісвалася грэку Дыктысу і траянцу Дарэсу (Дарэту) і выдавалася за ўспаміны сапр. удзельнікаў вайны. Паслужыла крыніцай для шматлікіх літ. апрацовак. У 15 ст. ўсх. славянам праз паўд.-слав. пасрэдніцтва стала вядома т.зв. «Прытча пра каралёў» з візант. хронікі 12 ст. Канстанціна Манасіі, у канцы 15 ст. перакладзеная на бел. мову. У ёй апісваюцца гісторыя заснавання Троі, незвычайнае жыццё траянскага царэвіча Парыса (у бел. тэксце — Фарыжа), сцісла выкладаецца фальклорна-паэтычная версія прычын узнікнення Траянскай вайны. Асн. месца ў «Т.» займае апавяданне пра падзеі апошняга года вайны, якая скончылася смерцю гал. герояў і разбурэннем Троі. Падзеі ў творы асвятляюцца з гуманістычных пазіцый (асуджаецца неапраўданая жорсткасць на вайне, бязлітаснасць да пераможаных), з глыбокім спачуваннем аўтар ставіцца да трагічнага лёсу траянцаў і іх роднага горада. «Т.» карысталася значнай папулярнасцю сярод бел. чытачоў, яе і «Александрыю» згадвае Ф.​Скарына.

На Беларусі быў вядомы яшчэ адзін твор пра Траянскую вайну — рыцарскі раман італьянца Гвіда дэ Калумны «Гісторыя разбурэння Троі» (13 ст.). перакладзены на старабел. мову ў канцы 16—17 ст.

Публ.:

Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 531