СІНЕРГЕ́ТЫКА (ад грэч. synergētikos супольны, які дзейнічае ўзгоднена),
навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы эвалюцыі і самаарганізацыі макраскапічных сістэм. Тэрмін прапанаваны ням. фізікам Г.Хакенам у 1970-я г. Макраскапічныя сістэмы складаюцца з многіх элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і могуць фарміраваць прасторавыя, часавыя ці функцыянальныя структуры без знешняга ўздзеяння; працэсы ўпарадкавання ў такіх сістэмах узнікаюць у выніку ўзаемадзеяння вял. колькасці элементарных падсістэм. С. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў, тэорыях выпадковых працэсаў, інфармацыі і нелінейных ваганняў і хваль.
Асн. паняцці С. — устойлівасць, няўстойлівасць, парадак, хаос (найб. неўпарадкаваны стан), лінейнасць, нелінейнасць, параметр парадку, прынцып падпарадкавання і інш Цэнтр. праблема — узаемаадносіны парадку і хаосу (гл. Энтрапія). С. тлумачыць, як парадак (прасторавая ці часавая ўпарадкаваная структура) узнікае з канструктыўнага хаосу. Ідэі і метады С. выкарыстоўваюцца для аналізу прасторава-часавых структур у паняццях параметраў парадку і прынцыпу падпарадкавання, прадказання паводзін складаных сістэм, змяншэння размернасці дынамічнай сістэмы, а таксама ў тэорыі распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. эканамічным ун-це.
Літ.:
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;
Цымбал Л.А. Синергетика информационных процессов: Закон информативности и его следствия. М., 1995;
Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;
Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем. Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999.
А.А.Барыскевіч.
т. 14, с. 399