СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),
камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.
Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.
т. 14, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)