здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.
Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.
РАЗДЗЯРЖА́ЎЛЕННЕ перадача ад дзяржавы фізічным або юрыдычным асобам часткова або поўнасцю, у т. л. праз прыватызацыю, функцый непасрэднага кіравання гаспадарчымі суб’ектамі. Садзейнічае ўмацаванню самастойнасці таваравытворцаў, напаўненню рынку таварамі (паслугамі), павышэнню іх якасці, ліквідацыі манапалізму дзярж, прадпрыемстваў. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і праграмамі прыватызацыі.
РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг.вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г. жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.
Тв.:
Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.
здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз.ўзбудлівасцю. Часам мясц. рэакцыі тканак або клетак наз.рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.
спалучэнне дэталей ў вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.
1) падраздзяленне (аддзяленне, узвод) у кавалерыі і артылерыі, якое прызначалася для аховы войск, разведкі праціўніка і мясцовасці, падтрымання сувязі паміж падраздзяленнямі і часцямі на маршы. Выкарыстоўваліся да 2-й сусв. вайны 1939—45.
2) Раздваенне аднакалейнага чыг. пуці, якое дазваляе размінуцца сустрэчным цягнікам; станцыя на такім месцы.
РАЗЕНМА́Н (Барыс Міхайлавіч) (5.2.1928, Мінск — 1998),
бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-рмед.н. (1969), праф. (1976). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950). У 1956—92 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па патагенет. механізмах, клінічных праявах і спосабах функцыян. дыягностыкі пашкоджанняў сардэчна-сасудзістай сістэмы ў хворых пры дыфтэрыйнай і шкарлятынавай інтаксікацыі, пытаннях біяхім. фармакалогіі.
Тв.:
Некоторые актуальные вопросы патогенеза дифтерии // Некоторые вопросы патологии детского возраста. Мн., 1967;
Роль серотонина в патогенезе дифтерийной токсико- инфекции (к проблеме механизмов дифтерийного бактерионосительства) // Здравоохранение Белоруссии. 1978. №6.
РАЗЕНТА́ЛЬ (Саламон Конрадавіч) (10.8.1890, г. Вільня — 18.11.1955),
бел. і расійскі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Д-рмед.н. (1937), праф. (1940). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1913). У 1921—31 у клініцы Мінскага мед. ін-та, адначасова ў 1927—31 гал. ўрач 3-й клінічнай бальніцы Мінска. З 1931 у Ленінградзе. Навук. працы па фізіялогіі скуры, пашкоджаннях яе пры хваробах крывятворных органаў (у прыватнасці міэлоіднай лейкеміі), укараненні ў практычную дэрматалогію рэнтгеналагічнага, люмінесцэнтнага, гісталагічнага метадаў. Чэмпіён Беларусі па шахматах (1924).
РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),
бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр.т-ва ў С.-Пецярбургу).
РАЗЕ́ТКА (ад франц. rosette літар. ружачка) у архітэктуры і мастацтве, арнаментальны матыў у выглядзе стылізаванай распушчанай кветкі (часцей ружы). Вядомы са старажытнасці ў арх. дэкоры і ў дэкар.-прыкладным мастацтве.
Найб. пашыраны матывы Р. ў нар. жыллі Беларусі, асабліва на Палессі, дзе яны блізкія паводле формы салярным знакам. Выявы Р. ці іх палавін робяць на франтонах. Колькасць іх на франтоне ад 1 да 3, што адпавядае міфалагічным пазіцыям сонца (раніца, поўдзень, вечар). Некат. Р. маюць выгляд кола. Стылізаваныя Р. пашыраны і ў аздабленні верхніх ч. ліштваў. Р. ўпрыгожваюць філёнгі дзвярэй, іканастасы, алтары, іх змяшчаюць на метопах, кесонах столі і інш. Вядомы таксама ў арнаментальных расл. кампазіцыях, дэкар. размалёўцы на дрэве, палатне, шкле. Разнастайнымі па малюнку Р. аздаблялі прасніцы, каўшы і інш. прадметы нар. побыту.
С.А.Сергачоў.
Разеткі ў афармленні столі палаца ў г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.