РАЗЕНФЕ́ЛЬД (Аляксандр Аляксандравіч) (25.10.1872, Мінск — ?),

бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у гімназіях Рэвеля (цяпер Талін), Пецярбурга. З 1898 у Пецярбургскім ун-це (з 1910 прыват-дацэнт), у 1912—14 кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў ун-та. У 1904 апубл. «Беларускія народныя песні», дзе матэрыял не мае строга навук. класіфікацыі і згрупаваны паводле месца запісу (у ваколіцы Радашковіч, у Семкавым Гарадку, Рубяжэвічах, Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав., невял. колькасць песень з Барысаўскага і Рэчыцкага пав.). У асобныя групы вылучаны вясельныя, купальскія і пятроўскія песні. Зборнік цікавы ўзорамі каляндарна-абрадавай (асабліва жніўнымі, купальска-пятроўскімі і восеньскімі песнямі), вясельнай паэзіі, пазаабрадавай лірыкі, баладамі. Дакладна перададзены дыялектна-моўныя асаблівасці песень. Аўтар фальклорна-этнагр. эцюда «З жыцця беларуса», прысвечанага зажынкавым і дажынкавым абрадам, песням (рукапіс ў архіве Геагр. т-ва ў С.-Пецярбургу).

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)