Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУРА́ЎСКАЯ (Галіна Уладзіміраўна) (н. 7.6.1939, г. Цвер, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай анкалогіі. Д-р мед. н. (1986), праф. (1989). Скончыла Калінінскі мед. ін-т (1962). З 1970 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1972 заг. аддзялення). Навук. працы па нетрадыц. прамянёвай тэрапіі анкалагічных хворых, сродках і спосабах прафілактыкі і лячэння прамянёвых пашкоджанняў, вызначэнні індывід. радыеадчувальнасці пухліны і арганізма. Распрацавала канцэпцыю макс. тэрапеўтычнай дозы перадаперацыйнага апрамянення хворых. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Комплексное нехирургическое лечение неоперируемого эпидермоидного рака легкого с применением нетрадиционных вариантов лучевой терапии, полихимиотерапии и иммунокоррекции: Факторы прогноза (у сааўт.) // Мед. радиология и радиационная безопасность. 1998. Т. 43, № 5.

т. 11, с. 31

МУ́РАХ (Валерый Іванавіч) (н. 14.2.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне гігіены харчавання. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Данецкі мед. ін-т (1966, Украіна). З 1985 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. З 1993 дырэктар Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспечнасці прадуктаў харчавання. Навук. працы па выяўленні ксенабіётыкаў у прадуктах харчавання і іх сутачнай нагрузцы на арганізм, харч. і біял. каштоўнасці традыц. прадуктаў харчавання, узаемасувязі паміж захворваннем, нараджальнасцю, смяротнасцю і фактычным харчаваннем насельніцтва.

Тв.:

Спасибо зверю, птице, рыбе. Мн., 1982 (разам з Л.І.Сцякольнікавым);

Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985 (з ім жа);

Целебные кладовые природы. 2 изд. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 11, с. 31

МУРА́ХВЕР (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 5.12.1931, г. Ананьеў Адэскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Муж Л.М.Мягковай. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (у 1966—73 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творам уласцівы эксперыментаванне з тэхналогіяй шкла, высокая культура формаўтварэння, вобразны дэкаратывізм, гарманічныя і лаканічныя прыёмы дэкарыравання. Аўтар ваз «Зубры» (1960), «Юнацтва» (1966), «Вогнішчы» (1972), блюд «Біцюг» (1960), «Шкловыдзімальшчык» (1963), пластоў «Гутнікі» (1982), «Лікі» (1990), кампазіцый «Гарадзішча» (1971), «Віхор», «Сіла зямная» (абедзве 1979), «Восеньская сюіта» (1980), «Вызваленне» (1984), «Памяці настаўніка» (1988), «Мір таму, хто ўваходзіць», «Пакутныя», «Пад каўпаком» (усе 1989), «Іншапланецяне» (1990), «Тэатр», «Пераадоленне» (абодва 1992), «Егіпецкі матыў» (1993), «Натоўп» (1995), «Чудзікі» (1999), бутляў «Гута» (1971), «Волаты» (1975), «Лікі» (1992), скульптур «Дуэт» (1992), «Ефрасіння» (1993), «Муза» (1996); набору «Белавежская пушча» (1967) і інш. Залаты медаль на выстаўцы шкла і фарфору ў г. Ябланец (Чэхія, 1979), сярэбраны медаль АМ СССР (1990).

М.М.Яніцкая.

У.Мурахвер. Кампазіцыя «Пакутныя». 1989.

т. 11, с. 31

МУРАЦА́Н (сапр. Тэр-Аванесян) Грыгор

(13.12.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 25.9.1908),

армянскі пісьменнік. Скончыў епархіяльную школу (1873, г. Шуша). З 1878 у Тбілісі.

Друкаваўся з пач. 1880-х г. У ранніх творах прапагандаваў хрысц. мараль. У аповесцях «Ноеў воран» (1899), «Апостал» (1902) і інш. — складанасць сац. становішча арм. сялянства, у шматлікіх апавяданнях і рамане «Цэнтр адукацыі» (1892) — побыт і норавы гар. буржуазіі. Аўтар гіст. рамана «Геворг Марзпетуні» (1896, выд. 1912) пра драматычны лёс арм. народа ў 10 ст., п’есы «Рузан» (паст. 1882, выд. 1900).

Тв.:

Рус. пер. — Ноев ворон: Повести и рассказы. М., 1961;

Геворг Марзпетуни. М., 1963.

С.Сарынян.

т. 11, с. 31

МУРА́ШКА (Аляксандр Аляксандравіч) (7.9.1875, Кіеў — 14.6.1919),

украінскі жывапісец. Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.І.Мурашкі, Пецярб. АМ (1894—1900) у І.Рэпіна, у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1901). У 1902—04 наведаў Парыж. Член т-ва перасоўнікаў (з 1916). З 1912 выкладаў у Кіеўскім маст. вучылішчы, у 1912—17 — у Маст. студыі, якую адкрыў у Кіеве разам з А.Кругер-Прахавай. Творы адметныя натурнай пераканаўчасцю, дэкар. экспрэсіяй колеру: «Пахаванне кашавога» (1900), «На вуліцах Парыжа» (1902—03), «Сялянская сям’я» (1913). Аўтар партрэтаў «Дзяўчынка з сабачкам», «Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы» (1902—03), Я.Станіслаўскага (1906), М.Мурашкі (1907), аўтапартрэта (1918).

В.А.Сімакова.

А.Мурашка. Дзяўчынка з сабачкам.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Анатоль Іванавіч) (29.4.1927, в. Беразіно Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.3.1990),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі і воднай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1982, чл.-кар. 1978), д-р тэхн. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БПІ (1955). З 1958 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. З 1983 дырэктар Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Навук. працы па метадах асушэння балот і пераўвільготненых зямель з выкарыстаннем палімерных і інш. матэрыялаў, праблемах прыродакарыстання.

Тв.:

Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;

Охрана сельскохозяйственных угодий и окружающей среды. Мн., 1984 (у сааўт.);

Технология преобразования торфяников в органоминеральные почвы и система сельскохозяйственного освоения их. Горки, 1987 (у сааўт.).

А.І.Мурашка.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Анцінея Рыгораўна) (н. 15.10.1924, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1948). З 1950 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1963—93 у БДУ. Навук. працы па бел. дыялекталогіі, пытаннях узаемадзеяння бел. мовы з суседнімі слав. і неслав. мовамі. Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1969), падручніка «Сучасная руская мова» (ч. 1—2, 1979—81). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі.

І.К.Германовіч.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),

кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Ларыса Фёдараўна) (н. 17.5.1951, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыла Бел, кансерваторыю (1975, клас П.Падкавырава). З 1977 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1997 дацэнт), у 1978—88 адначасова рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Мін-ва культуры Беларусі. У яе творчасці пераважаюць камерна-інстр. і вак. жанры, музыка для дзяцей. Распрацоўвае розныя пласты нац. муз. фальклору. Сярод твораў; кантата «Замчышча» на словы Я.Купалы, канцэрт для фп. з арк. (абодва 1975), «Званы Нямігі» для духавога аркестра (1995), санаты, сюіты, прэлюдыі і фугі для фп., саната-імправізацыя ў трох медытацыях (1990) для цымбалаў; камерна-інстр., у т. л. стр. квартэт (1979), «Драматычная паэма» для фагота і фп. (1993); цыкл «Жалейка» на словы Я.Купалы для хору a cappella, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.

Т.Г.Слабодчыкава.

т. 11, с. 32

МУРА́ШКА (Мікалай Іванавіч) (20.5.1844, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 22.9.1909),

украінскі мастак. У 1863—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1875—1901 кіраваў заснаванай ім Кіеўскай рысавальнай школай. Аўтар лірычных пейзажаў, блізкіх да творчасці перасоўнікаў: «Матыў ваколіц Кіева» (1879), «Восень», «Дняпро», «Над Дняпром» (усе 1880—90-я г.), «Крым» (1892); партрэтаў Т.Шаўчэнкі (1864—67), М.Ге (1906). Аўтар кнігі «Успаміны старога настаўніка» (вып. 1—3, 1907—09).

В.А.Сімакова.

т. 11, с. 32