МУРА́ХВЕР (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 5.12.1931, г. Ананьеў Адэскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Муж Л.М.Мягковай. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (у 1966—73 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творам уласцівы эксперыментаванне з тэхналогіяй шкла, высокая культура формаўтварэння, вобразны дэкаратывізм, гарманічныя і лаканічныя прыёмы дэкарыравання. Аўтар ваз «Зубры» (1960), «Юнацтва» (1966), «Вогнішчы» (1972), блюд «Біцюг» (1960), «Шкловыдзімальшчык» (1963), пластоў «Гутнікі» (1982), «Лікі» (1990), кампазіцый «Гарадзішча» (1971), «Віхор», «Сіла зямная» (абедзве 1979), «Восеньская сюіта» (1980), «Вызваленне» (1984), «Памяці настаўніка» (1988), «Мір таму, хто ўваходзіць», «Пакутныя», «Пад каўпаком» (усе 1989), «Іншапланецяне» (1990), «Тэатр», «Пераадоленне» (абодва 1992), «Егіпецкі матыў» (1993), «Натоўп» (1995), «Чудзікі» (1999), бутляў «Гута» (1971), «Волаты» (1975), «Лікі» (1992), скульптур «Дуэт» (1992), «Ефрасіння» (1993), «Муза» (1996); набору «Белавежская пушча» (1967) і інш. Залаты медаль на выстаўцы шкла і фарфору ў г. Ябланец (Чэхія, 1979), сярэбраны медаль АМСССР (1990).