Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАТУСЕ́ВІЧ (Павел Аляксеевіч) (н. 15.7.1930, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1990). Скончыў БДУ (1955), дзе працаваў у 1958—94 (у 1978—89 заг. лабараторыі НДІ фіз.-хім. праблем). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні фіз.-хім. уласцівасцей сінт. палімераў. Распрацаваў новы клас стабілізатараў і мадыфікатараў, якія ахоўваюць палімеры ад старэння.

Тв.:

Защита синтетических и биологических полимеров от деструкции с помощью аминопроизводных ортобензохинона // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1984. № 4.

т. 10, с. 207

МАТУСЕ́ВІЧ (Эдуард Антонавіч) (н. 16.11.1937, Мінск),

бел. спартсмен (канькабежны спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1965). Скончыў Бел. ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1959), Маскоўскі ін-т міжнар. зносін (1971). Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1965, Осла) на дыстанцыях 1500 і 5000 м. Абс. чэмпіён Еўропы (1965, г. Гётэбарг, Швецыя), сярэбраны (1968, Осла) і бронз. (1967, г. Лахты, Фінляндыя) прызёр у мнагаборстве. Чэмпіён Еўропы (1965, 1968) на дыстанцыі 1500 м, сярэбраны прызёр на дыстанцыях 500 м (1967, 1968), 5000 м (1965), бронз. прызёр на дыстанцыі 1500 м (1967). Абс. чэмпіён СССР (1964, 1965, 1966, 1968). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1500 м (1964, 1965, 1966), 5000 м (1965). Рэкардсмен свету на раўнінных катках на дыстанцыі 1500 м (1968), СССР у мнагабор’і і на асобных дыстанцыях. З 1979 дырэктар фірмы «Трактар» знешнегандл. аб’яднання «Трактараэкспарт» (Масква).

І.Л.Альшэўскі.

т. 10, с. 207

МАТУСЕ́ВІЧ (Ян) (24.7.1948, в. Каменка Мінскага р-на — 2.9.1998),

бел. рэлігійны дзеяч. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972), духоўную правасл. семінарыю у Смаленску (1974). У 1974—79 правасл. святар у Смаленску, у в. Маркава Маладзечанскага р-на. У 1979 перайшоў у каталіцтва. У 1979—90 пробашч касцёла ў в. Баруны Гродзенскай вобл. З 1990 пробашч першай Мінскай грэка-каталіцкай парафіі св. Язэпа. З 1993 дэкан Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Дз.К.Беразоўскі.

т. 10, с. 207

МАТУСЕ́ВІЧ (Яўген Вячаслававіч) (н. 1.9.1949, в. Ратамка Мінскага р-на),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Скончыў БДУ (1973), працаваў у Бел. тэхнал. ін-це. З 1990 у Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (у 1990—94 заг. кафедры). З 1997 дырэктар Ін-та сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах сац.-паліт. развіцця грамадства, функцыянавання паліт. ін-таў, ажыццяўлення паліт. улады і інш. Адзін з аўтараў падручніка для ВНУ па паліталогіі.

т. 10, с. 207

МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),

расійскі паэт. Канд. філал. н. (1941). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял. Айч. вайны. Паэт. зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982;

Стихотворения. Песни. М.,1986;

Горечь: Кн. стихотворений. М., 1992.

т. 10, с. 208

МАТУШЭ́ВІЧ (Марцін) (псеўд. Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц. літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.Арэшка.

Тв.:

Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 208

МА́ТХУРА,

горад у Паўн. Індыі, на р. Джамна, у штаце Утар-Прадэш. Засн. ў 4 ст. да н.э., адзін з найстараж. гарадоў Індыі; паводле індускай традыцыі, месца нараджэння бога Крышны; да 1948 наз. Матра. Нас. 227 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Прам-сць: тэкст., алейная, нафтахім., металаапрацоўчая. Археал. музей. Стараж. будыйскія помнікі (3—4 ст. да н.э.) і індуісцкія храмы.

т. 10, с. 208

МАТЧ (англ. match),

спаборніцтва паміж дзвюма або некалькімі камандамі, спартсменамі. Тэрмін узнік у 2-й пал. 19 ст. Праводзяцца ў розных відах спорту паміж камандамі (напр., спарт. гульні, лёгкаатлетычныя М.) і асобнымі спартсменамі, у т. л. за званне чэмпіёна свету (напр., па шахматах) і інш.

т. 10, с. 208

МАТЫЛЁК,

пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел. М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.

Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.

Матылёк.

т. 10, с. 208

МАТЫЛІ́, лускакрылыя (Lepidoptera),

атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля ​2/з з сям. агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.

Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.

Матылі: 1 — зорка; 2 — жаўтушка тарфянікавая; 3 — валовае вока; 4 — жалобніца; 5 — паўлінава вока дзённае; 6 — паўлінава вока малое начное; 7 — перламутраўка вялікая лясная; 8 — серпакрылка дубовая; 9 — стракатка лугавая; 10 — шклянніца вялікая таполевая.

т. 10, с. 208