МАТУШЭ́ВІЧ (Марцін) (псеўд. Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц. літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.Арэшка.

Тв.:

Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)