Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́ЛІКА [ад грэч. kōlikē (nosos) кішачная хвароба],

прыступ рэзкіх схваткападобных боляў у брушной поласці і забрушыннай прасторы. Адрозніваюць К. пячоначную і нырачную (найчасцей бывае пры камянях, гл. Жоўцекамянёвая хвароба), апендыкулярную (гл. Апендыцыт), кішачную (пры калавых камянях, некат. хваробах), панкрэатычную (гл. Панкрэатыт) і інш. Болі пры К. абумоўлены спазмам кругавых мышцаў сценак кішак, жоўцевых шляхоў, мачавых праток і інш. Бывае пры расцяжэнні ўчасткаў кішэчніка газамі. Суправаджаецца ірвотай, дрэнным агульным станам. У жывёл адрозніваюць К. сапраўдную (пры хваробах страўніка і кішак) і несапраўдную (пры некат. заразных хваробах, паталогіі печані, мачавога пузыра і інш.). Лячэнне: ліквідацыя прычыны асн. хваробы, што выклікае К., абязбольвальныя сродкі.

т. 8, с. 390

КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),

англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Идея истории;

Автобиография. М., 1980.

т. 8, с. 391

КО́ЛІНЗ ((Collins) Майкл) (н. 31.10.1930, Рым),

касманаўт ЗША. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1952). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 18—21.7.1966 з Дж.Янгам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-10» (як 2-і пілот), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 1 гадз 27 мін); 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і Э.Олдрынам — палёт вакол Месяца на караблі «Апалон—11» (як пілот; забяспечваў высадку першай экспедыцыі на Месяц, старт з Месяца і стыкоўку). У космасе правёў 11,09 сут. Імем К. названы кратэр на Месяцы.

т. 8, с. 391

КО́ЛІНЗ ((Collins) Сэмюэл) (? — да 1671),

англійскі ўрач. Медыцыне вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе, з 1650 д-р медыцыны. У 1659 запрошаны ў Расію і да 28.6.1666 урач цара Аляксея Міхайлавіча. Пакінуў запіскі, у якіх шмат звестак пра хваробы, а таксама пра царскі двор, побыт, гандаль, рэлігію, гарады і народы Расіі. Раздзелы 18-ы і 19-ы кнігі прысвечаны норавам шляхты Рэчы Паспалітай, дзе адзначаў адукаванасць і гасціннасць шляхты, асуджаў п’янства і свавольства, змясціў некалькі баек, у т. л. пра ўцёкі польскага караля і вял. князя ВКЛ Генрыка Валезы ў Францыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 391

КО́ЛІНЗ ((Collins) Уільям Уілкі) (8.1.1824, Лондан — 23.9.1889),

англійскі пісьменнік; заснавальнік т.зв. сенсацыйнага рамана. Па адукацыі юрыст. У літаратуры дэбютаваў жыццеапісаннем свайго бацькі-мастака (т. 1—2, 1848). Першы раман «Антаніна, ці Падзенне Рыма» (1850). Для раманаў «Базіль» (1852), «Жанчына ў белым» (1860), «Без імя» (1862), «Армадэль» (1866), «Месяцавы камень» (1868), «Муж і жонка» (1870) і інш. характэрна спалучэнне займальнасці, напружанай інтрыгі з меладраматызмам і пачуццёвасцю, выкарыстанне элементаў экзотыкі і псіхал. анамаліі, вядзенне апавядання ад імя некалькіх герояў. У сааўтарстве з Ч.​Дзікенсам напісаў аповесці «Лянівае падарожжа двух вольных чаляднікаў» (1857), «У тупіку» (1867) і інш. Аўтар п’ес «Маяк» (1861; з Дзікенсам), «Чорнае і белае» (1869), «Змёрзлы вір» (1874) і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М.,1992—97.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 391

Колінз Эйлін

т. 18, кн. 1, с. 409

КО́ЛКІ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Трэмля. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 59 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 180 км ад Гомеля, 36 км ад чыг. ст. Пціч. 771 ж., 274 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 391

«КО́ЛОКОЛ»,

першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.

Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.​М.​Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.

Публ.:

«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.

Літ.:

Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;

Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.​П.​Агарова і А.​І.​Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960.

т. 8, с. 391

Колпікаў Мікалай Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 409

КО́ЛРЫДЖ ((Coleridge) Сэмюэл Тэйлар) (21.10.1772, Отэры-Сент-Мэры, каля г. Эксетэр, Вялікабрытанія — 25.7.1834),

англійскі паэт-рамантык, крытык, філосаф. Прадстаўнік т.зв. азёрнай школы. Першы зб. — «Вершы на розныя тэмы» (1796). Ад дэмакр. настрояў (ода «Узяцце Бастыліі», 1789, апубл. 1834) перайшоў на антыякабінскія (драма «Падзенне Рабесп’ера», разам з Р.​Саўці, 1794; трагедыя «Асорыо», 1798). Разам з У.Вордсвартам выдаў першы зб. англ. паэзіі рамантызму «Лірычныя балады» (1798), у які ўвайшла лепшая паэма К. «Сказанне пра старога марака». Паэме «Крыстабель», паэт. фрагменту «Кубла Хан» (абодва 1816) уласцівы фантастычнасць, алегарычнасць і сімвалічнасць вобразаў. Прыхільнік ням. ідэаліст. філасофіі; імкнуўся даць філас.-эстэт. абгрунтаванне паэт. прынцыпаў рамантызму (кн. «Літаратурная біяграфія», 1817; лекцыі пра У.​Шэкспіра, 1849).

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1974;

Избр. труды. М., 1987.

Літ.:

Елистратова А.А. Кольридж // Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 391