КО́ЛРЫДЖ ((Coleridge) Сэмюэл Тэйлар) (21.10.1772, Отэры-Сент-Мэры, каля г. Эксетэр, Вялікабрытанія — 25.7.1834),
англійскі паэт-рамантык, крытык, філосаф. Прадстаўнік т.зв. азёрнай школы. Першы зб. — «Вершы на розныя тэмы» (1796). Ад дэмакр. настрояў (ода «Узяцце Бастыліі», 1789, апубл. 1834) перайшоў на антыякабінскія (драма «Падзенне Рабесп’ера», разам з Р.Саўці, 1794; трагедыя «Асорыо», 1798). Разам з У.Вордсвартам выдаў першы зб. англ. паэзіі рамантызму «Лірычныя балады» (1798), у які ўвайшла лепшая паэма К. «Сказанне пра старога марака». Паэме «Крыстабель», паэт. фрагменту «Кубла Хан» (абодва 1816) уласцівы фантастычнасць, алегарычнасць і сімвалічнасць вобразаў. Прыхільнік ням. ідэаліст. філасофіі; імкнуўся даць філас.-эстэт. абгрунтаванне паэт. прынцыпаў рамантызму (кн. «Літаратурная біяграфія», 1817; лекцыі пра У.Шэкспіра, 1849).
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1974;
Избр. труды. М., 1987.
Літ.:
Елистратова А.А. Кольридж // Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.
Н.М.Саркісава.
т. 8, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)