Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,

платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Р.Г.Гарэцкі.

т. 7, с. 14

ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,

падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т.л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.

т. 7, с. 14

ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км2 (з іх у ЗША 36 тыс. км2). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м3 газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.

т. 7, с. 14

ЗАХО́ДНЕ-КАРЭ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Жоўтага м., каля берагоў Карэі і Кітая. Глыб. да 50 м. У прыбярэжнай ч. шырокія водмелі і скалістыя астравы. Прылівы паўсутачныя (да 10 м). Гал. парты: Нампхо, Сіныйджу (КНДР), Даньдун, Далянь і Люйшунь (Кітай).

т. 7, с. 14

ЗАХО́ДНЕ-МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на ПдЗ ад г. Рэчыца. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1989, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. каля 1,9 км2 прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2313—3690 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 14

Заходне-Паморскае ваяводства

т. 18, кн. 1, с. 390

ЗАХО́ДНЕ-ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

заходняя частка Пантыйскіх гор на Пн Турцыі паміж рэкамі Сакар’я і Кызыл-Ірмак. Даўж. 475 км. Выш. да 2600 м (г. Дэлігэпе). Хрыбты цягнуцца 2—3 паралельнымі радамі, якія размяжоўваюцца падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Чорнага м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, метамарфічных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Зангулдакскі бас.). Вільготны клімат з боку Чорнага м. спрыяе развіццю горна-лясной расліннасці, вышэй за 2000 м альпійскія лугі. Паўд. хрыбты бязлесныя. У катлавінах, далінах і на нізінах вырошчваюць сады, вінаграднікі, кукурузу, рыс, тытунь і інш.

т. 7, с. 14

ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,

у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км2 прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 15

ЗАХО́ДНЕ-САХАЛІ́НСКІЯ ГО́РЫ, Заходні хрыбет,

горы на ПдЗ в-ва Сахалін, Расія. Даўж. 650 км, выш. да 1330 м (г. Анор). Складзены з некалькіх паралельных хрыбтоў, падзеленых падоўжнымі далінамі, і патухлых вулканаў (горы Ламанон). Гал. водападзельны хрыбет — Камышовы. Складзены пераважна з сланцаў, пясчанікаў, кангламератаў і магматычных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Лесагорскае, Вуглягорскае, Башнякоўскае і інш.). На схілах мяшаныя лясы пераважна шыракалістых парод і ялова-піхтавая тайга з зараснікамі курыльскага бамбуку. Горы перарэзаны чыг. Паўднёва-Сахалінск—Холмск.

т. 7, с. 15

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ ПЛІТА́,

частка Цэнтральнаеўраазіяцкай маладой платформы, якая адпавядае плошчы Заходне-Сібірскай раўніны, а на Пн заходзіць на шэльф Карскага м. На З. абмежавана Урала-Новазямельскім выступам на ПдУ — Казахстана-Алтайскім і Кузнецка-Саянскім выступамі; на У прымыкае да Сібірскай платформы. Кустанайская седлавіна аддзяляе З.п. ад Туранскай пліты. Фундамент складзены з рознаўзроставых палеазойскіх складкавых парод, у цэнтр. ч. ёсць дакембрыйскія масівы. На паверхні фундамента рыфтавыя ўпадзіны субмерыдыянальнага напрамку, запоўненыя кантынентальнымі трыясава-юрскімі адкладамі. З мезазою на стан З.п. ўплывалі адмоўныя тэктанічныя рухі, якія паступова кампенсаваліся намнажэннем мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў (магутнасць да 4—6 км). Гэтыя адклады стварылі платформавы чахол. На З.п. шмат прамысл. радовішчаў: нафты, газу (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), вугалю, жал. руд, баксітаў, марганцавых руд, соды, вял. паклады торфу, Заходне-Сібірскі артэзіянскі басейн.

т. 7, с. 15