Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАПІРА́ННЯ СХЕ́МА, антысупадзенняў схема,

электронная прылада дыскрэтнага дзеяння, прынцып работы якой заснаваны на вылучэнні пэўнай групы падзей (з’яўленне эл. імпульсаў, іанізавальных часціц ці інш.) пры ўмове, што хоць адна з іх адбываецца не адначасова з астатнімі. Мае некалькі ўваходаў і адзін выхад; выхадны сігнал выдаецца толькі пры адсутнасці сігналу на адным з уваходаў; напр., пры даследаваннях паглынальных здольнасцей рэчыва да забараняльных уваходаў З.с. далучаюцца лічыльнікі, размешчаныя пасля даследаванага слоя, да астатніх уваходаў — размешчаныя паміж крыніцай выпрамянення і дадзеным слоем. Выхадны сігнал мае інфармацыю толькі аб часціцах, паглынутых у выпрабаваным слоі рэчыва. Выкарыстоўваецца ў ядз. электроніцы, амплітудных аналізатарах, дэшыфратарах, дэкадавальных прыладах і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 533

«ЗАПІ́СКІ АДДЗЕ́ЛА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́К»,

серыйнае навуковае выданне. Выдавалася ў 1927—30 у Мінску на бел. мове Інбелкультам і БелАН. У серыю ўваходзілі «Працы...» камісій, кафедраў, ін-таў Інбелкульта (кн. 1—6) і БелАН (кн. 7—13). Змяшчаліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, філалогіі і правазнаўстве, справаздачы аб экспедыцыях, дзейнасці навук. устаноў, рэцэнзіі і бібліягр. агляды. Пераважная ўвага аддавалася публікацыям даследаванняў і крыніц па гісторыі і культуры Беларусі (асабліва перыяду феадалізму), бел. мове (працы А.​Бурдзейкі, Я.​Гембіцкага, Дз.​І.​Даўгялы, М.​В.​Доўнар-Запольскага, В.​Д.​Дружчыца, С.​А.​Дубінскага, Т.​Забелы, У.​Ігнатоўскага, А.​Дз.​Кавалені, К.​Кернажыцкага, У.​Краснянскага, М.​Любаўскага, А.​М.​Ляўданскага, В.​Мачульскага, К.​М.​Палікарповіча, У.​Пічэты, Ц.​Сцяпанава, С.​С.​Шутава, М.​М.​Шчакаціхіна, А.​Ясінскага). Выданне ілюстравалася малюнкамі, фатаграфіямі, картамі, схемамі, планамі; змяшчала геагр. паказальнікі.

А.​Л.​Кіштымаў.

т. 6, с. 534

ЗАПІСНО́Е, грашовае,

феадальная грашовая павіннасць сялян ВКЛ у 16—18 ст. Спаганялася пры ўнясенні чыншу. Звычайна складала 1 грош з кожнага злотага чыншу (адсюль другая назва). Была пашырана на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 6, с. 534

ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,

запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.

Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 6, с. 533

«ЗАПИ́СКИ СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОГО ОТДЕ́ЛА РУ́ССКОГО ГЕОГРАФИ́ЧЕСКОГО О́БЩЕСТВА»,

часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр. т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.​І.​Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.​Я.​Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.​В.​Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.​А.​Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.​Я.​Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.​Сцепанец [Ф.​А.​Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.​Р.​Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.​М.​Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.​Ф.​Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 6, с. 534

«ЗА́ПИСЫ»,

навуковы часопіс бел. эміграцыі. Выдаецца з 1952 на бел. мове (кн. 1—22; у 1952—54 і з 1974 у Нью-Йорку; у 1962—70 у Мюнхене, Германія) Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гал. рэдактары В.​Тумаш, С.​Станкевіч, Т.​Бэрд. Мае раздзелы: «Даследаванні», «Рэфератныя працы», «Нарысы», «Успаміны», «Дакументы», «Зацемкі», «Бібліяграфія», «Хроніка беларускага жыцця ў беларускім замежжы», «Кнігапіс». Друкуе працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, матэрыялы пра дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, хроніку бел. навук.-культ. жыцця на эміграцыі. За час існавання «З.» сталі цэнтрам гуртавання інтэлектуальных сіл зах. бел. дыяспары.

А.​С.​Ляднёва.

т. 6, с. 534

ЗАПО́Й,

перыядычныя прыступы шматдзённага п’янства з прычыны неадольнай цягі да алкаголю. Від З., узнікненне якога звязваюць з глыбокім парушэннем настрою (дэпрэсія, дысфарыя), наз. дыпсаманіяй. У прамежку паміж З. алкаголь не ўжываюць (сапраўдны З.) ці ўжываюць параўнальна памяркоўна (З. пры хранічным алкагалізме).

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Орша, 102 км ад Віцебска, 1 км ад чыг. ст. Смальяны. 220 ж., 73 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад г. Бялынічы, 66 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Друць. 433 ж., 157 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, дом быта, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі стараж. селішча і курганны могільнік.

т. 6, с. 534

ЗАПО́ЛЛЕ,

вёска ў Віцебскім р-не, на правым беразе р. Усвяча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 51 км на ПнУ ад горада і 55 км ад чыг. ст. Віцебск. 292 ж., 85 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, б-ка, бальніца, ветлячэбніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік Віцебскія «вароты».

т. 6, с. 534