Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКО́ННАСЦЬ, вяршэнства закону,

няўхільнае выкананне законаў і адпаведных ім іншых прававых актаў усімі органамі дзяржавы, службовымі асобамі, грамадзянамі і грамадскімі арг-цыямі; адзін з элементаў дэмакратыі і прававой дзяржавы. Прынцып З. дэкларуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прававыя акты або асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыд. сілы.

т. 6, с. 506

ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.І.Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,

сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.

т. 6, с. 506

ЗАКО́Т,

старадаўняя канструкцыя страхі сял. хат і гасп. пабудоў на Беларусі. Бярвёны тарцовай сцяны вышэй верхняга вянка зруба паступова ўкарочваліся, сцяна набывала выгляд ступеньчатага трохвугольніка. На выступы клалі падстрэшныя жэрдкі-латы, якія служылі асновай страхі.

Страха закотам: 1 — лемягі; 2 — латы.

т. 6, с. 507

ЗАКРА́ІНА,

паласа адкрытай вады паміж ледзяным покрывам і берагам. Утвараецца на рэках перад крыгаломам, а на морах і азёрах пры адрыве прыпаю ад берага пад уздзеяннем ветру, цячэнняў або ў выніку скразнога раставання лёду.

т. 6, с. 507

ЗАКРА́ЙКІ,

палосы нерухомага тонкага лёду, якія ўтвараюцца ўздоўж берагоў рэк, азёр і вадасховішчаў пры незамёрзлым вадаёме. Першасныя З. ўзнікаюць восенню каля берагоў на мелкаводных участках з павольным цячэннем, наносныя — у выніку прымярзання да берагоў лёду, прынесенага ў час крыгаходу, рэшткавыя застаюцца каля берагоў вясной пры раставанні лёду.

т. 6, с. 507

Закржэўскі Пётр Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАКРО́ЙНАЯ МАШЫ́НА, раскройная машына,

машына для выразання дэталей швейных вырабаў са слаёў (насцілу) палотнаў тканіны, трыкатажу або інш. матэрыялаў. Вышыня насцілу — да 30 см. Рэжучы інструмент у перасоўных З.м. — стальны пласціністы нож, які робіць верт. зваротна-паступальны рух, або вярчальны дыск; у стацыянарных — бясконцая стальная стужка-нож, нацягнутая на шківы. Укараняюцца лазерныя З.м.

Перасоўная закройная машына з вертыкальным нажом.

т. 6, с. 507

ЗАКРУ́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для герметычнага закрывання кансервавых бляшанак і слоікаў. Асн. частка З.м. — закрутачны механізм, які абкочвае закрутачныя ролікі вакол слоіка (бляшанкі). Пры абкочванні ролікі дэфармуюць накрыўку і ўтвараюць падвойнае шво ў бляшанцы ці шчыльнае злучэнне са слоікам. Адрозніваюць З.м. вакуумныя і бязвакуумныя, адна- і шматшпіндэльныя, аўтам. і паўаўтаматычныя. Аўтам. З.м. за мінуту апрацоўваюць да 500 бляшанак або да 200 слоікаў.

т. 6, с. 507

ЗАКРУ́ТКІН (Віталій Аляксандравіч) (27.3.1908, г. Феадосія, Украіна — 9.10.1984),

рускі пісьменнік. Скончыў Благавешчанскі пед. ін-т (1932). Друкаваўся з 1926. Першая аповесць «Акадэмік Плюшчоў» (1940). Творы ваен. часу ў кнігах «Карычневая чума» (1941), «Сіла» (1942), «Каўказскія запіскі» (1947). Працоўныя будні рыбакоў у рамане «Плывучая станіца» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар рамана-эпапеі «Стварэнне свету» (кн. 1—3, 1955—78, Дзярж. прэмія СССР 1982), рамана «Ля мора Азоўскага» (1946), аповесці «Маці Чалавечая» (1969; на бел. мову ўрывак пераклаў У.Шахавец) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Ростов н/Д, 1977—80;

Бел. пер. — у кн.: Квітней, Радзіма, красуй, жыццё. Мн., 1978.

Літ.:

Петелин В.В. Виталий Закруткин М., 1969.

т. 6, с. 507