Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІСТО́РЫЯ ХВАРО́БЫ,

асноўны мед. дакумент, што складаюць на кожнага хворага, які звяртаецца ў лячэбна-прафілакт. ўстанову. Уключае пашпартную частку (прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, сямейнае становішча, прафесію і інш.), звесткі пра хваробы (раней перанесеныя і на гэты момант), вынікі абследавання і лячэння хворага. Змены ў стане хворага і цячэнні захворвання заносяцца ў гісторыю хваробы пры кожным наведванні хворым паліклінікі, а ў стацыянары — штодзень; у выпадку смерці прыводзіцца пратакол паталаг. ўскрыцця. Пры выпісцы ці пераводзе хворага ў інш. лячэбную ўстанову, а таксама ў выпадку смерці даецца заключэнне ўрача — эпікрыз. Гісторыя хваробы забяспечвае пераемнасць для ўрачоў у ажыццяўленні лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў. У неабходных выпадках з’яўляецца матэрыялам для суд.-мед. следства.

т. 5, с. 277

«Гісторыя: праблемы выкладання»

т. 18, кн. 1, с. 371

ГІСТПА́РТ ЦБ КП(б)Б,

назва Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б у 1921—29.

т. 5, с. 277

ГІСТЫДЗІ́Н,

α-аміна-5-імідазалілпрапіёнавая к-та, C6H9O2N3, гетэрацыклічная амінакіслата; незаменная для многіх жывёл. Ёсць амаль ва ўсіх бялках. Значная яго колькасць у пратамінах спермы (малоках) рыб, у гемаглабіне крыві. Уваходзіць у састаў актыўных цэнтраў шэрагу ферментаў, з’яўляецца папярэднікам спецыфічных дыпептыдаў шкілетнай мускулатуры — карназіну, анзерыну і інш. Дэкарбаксіліраванне гістыдзіну вядзе да ўтварэння біял. актыўнага аміну — гістаміну. У шэрагу мікраарганізмаў і раслін гістыдзін служыць папярэднікам некат. алкалоідаў.

т. 5, с. 277

ГІСТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ

(Hysteriales),

парадак сумчатых грыбоў падкласа аскалакулярных. Вядома 4 сям.: гістэрыевыя, графідавыя, артоніевыя, ракцэлавыя. Найб. вывучана сям. гістэрыевых (вядома больш за 50 відаў, пашыраных амаль на ўсім зямным шары). На Беларусі трапляюцца віды з родаў глоній, гістэрый, гістэраграфій. Пераважна сапратрофы. Развіваюцца на адмерлых галінках дрэў і кустоў, зрэдку — на сцёблах траў, некат. — паразіты на жывой драўніне.

Характэрны пладовыя целы — гістэратэцыі (выцягнутыя, амаль эліпсоідныя, адкрываюцца падоўжнай шчылінай). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя. Сумкаспоры эліпсоідныя або верацёнападобныя, двух- ці шматклетачныя, бясколерныя або бурыя.

т. 5, с. 277

ГІСТЭРЭ́ЗІС

(ад грэч. hystēresis адставанне),

неадназначная залежнасць фіз. велічыні, якая апісвае стан або ўласцівасці цела, ад велічыні, што характарызуе знешнія ўздзеянні. Абумоўлены неабарачальнымі зменамі ў целе, якія выяўляюцца пад уплывам знешніх фактараў, у выніку чаго цела пасля спынення ўплыву на яго характарызуецца астаткавымі ўласцівасцямі (астаткавай намагнічанасцю, электрызацыяй, дэфармацыяй і інш.) і адпаведна гэтаму гістэрэзіс наз. магнітным, дыэлектрычным, пругкім і інш.

Магнітны гістэрэзіс — адставанне змен намагнічанасці J ферамагнетыка ад змен напружанасці Н знешняга магн. поля. Звычайна ферамагнетык намагнічаны неаднародна, ён разбіты на вобласці спантаннай намагнічанасці (дамены), дзе велічыня намагнічанасці аднолькавая, а напрамкі яе розныя. Пад уздзеяннем знешняга магн. поля колькасць і памеры даменаў, намагнічаных ўздоўж поля, павялічваюцца за кошт іншых даменаў. Пры некаторым значэнні Н-Hm намагнічанасць узору дасягае свайго найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні Н. Калі Н змяншаць, залежнасць J (Н) апішацца крывой, якая ідзе вышэй за папярэднюю. Плошча пятлі гістэрэзісу, утворанай гэтымі крывымі, прапарцыянальная энергіі, страчанай знешнім магн. полем за 1 цыкл перамагнічвання. Велічыня J=Jr пры Н = 0 наз. астаткавай намагнічанасцю, а велічыня Hc, пры якой J=0, — каэрцытыўнай сілай. Дыэлектрычны гістэрэзіс — адставанне змен палярызацыі сегнетаэлектрыка (ці антысегнетаэлектрыка) ад змен напружанасці знешняга эл. поля. Таксама тлумачыцца даменнай структурай дыэлектрыка. Па форме пятля дыэл. гістэрэзісу падобная на пятлю магн. Гістэрэзіс (гл. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). Пругкі гістэрэзіс — адставанне змен дэфармацый цела ад змен мех. напружанняў. Узнікае пры наяўнасці пластычных дэфармацый (гл. Пластычнасць). Мех. апрацоўка і ўвядзенне дамешкаў прыводзяць да ўмацавання матэрыялу і пругкі гістэрэзіс назіраецца пры большых напружаннях.

П.С.Габец.

т. 5, с. 277

ГІСТЭРЭ́ЗІСНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

сінхронны электрарухавік, у якога вярчальны момант ствараецца ад узаемадзеяння магн. поля статара з намагнічаным ротарам, зробленым з матэрыялу з шырокай пятлёй гістэрэзіса. Магутнасць да некалькіх соцень ват пры частаце сілкавальнага току 50—500 Гц. Гістэрэзісны электрарухавік маюць добрыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, надзейныя, даўгавечныя, бясшумныя, здольныя працаваць з рознай частатой вярчэння. Выкарыстоўваюцца ў маламагутных электрычных прыводах і ў сістэмах аўтам. кіравання.

т. 5, с. 277