ГІГРАБІЁНТЫ
[ад гігра... + біёнт(ы)],
арганізмы (пераважна вельмі дробныя), жыццё якіх звязана з капілярнай глебавай вадой. Удзельнічаюць у асноўных біял. працэсах, што адбываюцца ў глебе. Да гіграбіёнтаў належаць, напр., прадстаўнікі мезафауны — энхітрэіды, членістаногія, грыбы.
т. 5, с. 219
ГІГРАМАРФІ́ЗМ
(ад гігра... + грэч. morphē форма, выгляд),
асаблівасці будовы раслін, якія растуць у вільготных мясцінах, з павышанай вільгаццю паветра. Для іх характэрны прыстасаванні, накіраваныя на ўзмацненне транспірацыі (клеткі эпідэрмы танкасценныя, укрытыя тонкай кутыкулай; вялізныя міжклетнікі і танкасценныя валаскі ствараюць вял. выпаральную паверхню), што забяспечвае інтэнсіўнае перамяшчэнне пажыўных раствораў да парасткаў. Гл. таксама Гіграфіты, Ксерамарфізм.
т. 5, с. 219
ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ
(ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),
здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.
т. 5, с. 219
ГІГРАТО́ПЫ
(ад гігра... + грэч. topos месца),
месцы росту (экатопы), якія адрозніваюцца ўмовамі ўвільгатнення субстрату. Вылучаюць 6 асн. ступеней (груп) вільготнасці: 0 — вельмі сухія, 1 — сухія, 2 — свежыя, 3 — вільготныя, 4 — сырыя, 5 — мокрыя. Для выяўлення гігратопаў выкарыстоўваюцца расліны-індыкатары вільготнасці, якія падзяляюцца на ксерафіты (групы 0; 1), мезафіты (2; 3), гіграфіты (4; 5). Зрэдку дадаткова вылучаюць інш. групы.
т. 5, с. 219
ГІГРАФІ́ЛЫ
[ад гігра... + ...філ(ы)],
наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш. Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.
т. 5, с. 219
ГІГРАФІ́ТЫ
[ад гігра... + ...фіт(ы)],
расліны, якія жывуць ва ўмовах залішняга ўвільгатнення. Да гіграфітаў адносяцца травяністыя расліны вільготных трапічных лясоў, балот (гелафіты), вільготных глеб. Па ўмовах жыцця і асаблівасцях будовы да гіграфітаў вельмі блізкія расліны з паглыбленым у ваду або плаваючым лісцем — гідатафіты, гідрафіты. У адрозненне ад ксерафітаў у гіграфітах няма прыстасаванняў, якія абмяжоўваюць расходаванне вады. Маюць пераважна тонкія вял. ліставыя пласцінкі са слабаразвітой кутыкулай. Сцёблы доўгія, мех. тканкі амаль не развітыя, каранёвая сістэма слабая, таму нязначны недахоп вады выклікае ў іх завяданне.
т. 5, с. 219
ГІГРАФО́БЫ
[ад гігра... + ...фоб(ы)],
наземныя арганізмы, не прыстасаваныя да існавання ва ўмовах павышанай вільготнасці асяроддзя. Жывуць пераважна на сухіх мясцінах (напр., асака пясчаная, лясныя мурашкі, многія віды насякомых і інш.). Гл. таксама Гіграфілы.
т. 5, с. 219
ГІГРО́ГРАФ
(ад гігра... + ...граф),
прылада для бесперапыннага аўтам. запісу ваганняў адноснай вільготнасці паветра. Найб. пашыраны гігрограф на аснове валасянога гігрометра (яго адчувальным элементам служаць абястлушчаныя чалавечыя валасы або арган. плёнка). Паказчыкі вільготнасці запісваюцца на разлінаванай стужцы, надзетай на барабан, які прыводзіцца ў рух гадзіннікавым механізмам. У залежнасці ад часу, за які абарачаецца барабан, гігрографы бываюць сутачныя і тыднёвыя.
т. 5, с. 219
ГІГРО́МЕТР
(ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
т. 5, с. 219
ГІГРО́ФІЛА
(Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (Н. polysperma), зрэдку азёрную (Н. lacustris) і гвіянскую (Н. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 220