Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЖО́ВЫЯ

(Colubridae),

сямейства змей, 7—8 падсям., больш за 200 родаў, каля 1700 відаў (больш за 60% сучасных змей). Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Наземныя, рыючыя, дрэвавыя, паўводныя і водныя. Найб. вядомыя: вуж звычайны, мядзянка, полазы, страла-змяя. На Беларусі 2 віды — вуж звычайны і мядзянка, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. 10—350 даўж.. Выгляд і афарбоўка разнастайныя. Цела ўкрыта зверху аднароднай гладкай або рабрыстай луской, знізу брушнымі шчыткамі. Зубы шматлікія, у некаторых заднія верхнясківічныя больш буйныя і злучаны з ядавітай залозай. Большасць вужовых яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца беспазваночнымі і дробнымі пазваночнымі. Здабычу душаць або паядаюць жывой. У Чырв. кнізе МСАП 10 відаў.

т. 4, с. 288

ВУЖО́ЎНІК

(Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

т. 4, с. 288

ВУЖ ЗВЫЧА́ЙНЫ

(Natrix natrix),

паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.

Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.

т. 4, с. 288

ВУ́ЗЕЛ у раслін, звычайна патоўшчаная частка восі парастка, на якой утвараюцца лісце, пупышкі і (часам) прыдатачныя карані. Фарміруецца на конусе нарастання пры закладанні зачатка ліста. Анатамічная будова вузла залежыць ад тыпу лістаразмяшчэння, ад колькасці пучкоў ліставога следу і колькасці лакун. Адрозніваюць адна-, трох і шматлакунныя вузлы. Будова вузла — важная таксанамічная прыкмета. Участак паміж двума суседнімі вузламі — міжвузелле. У залежнасці ад збліжанасці вузлоў адрозніваюць парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Збліжаныя падземныя сцябловыя вузлы злакаў, на якіх утвараюцца падземныя і надземныя бакавыя парасткі, а таксама прыдатачныя карані, называюцца вузламі кушчэння.

т. 4, с. 288

ВУ́ЗЕЛ у тэхніцы, 1) частка машыны, механізма, устаноўкі і да т.п., што складаецца з некалькіх больш простых элементаў (дэталей).

2) Сукупнасць функцыянальна звязаных збудаванняў, машын і інш. прыстасаванняў (напр., вузел сувязі, гідравузел, радыёвузел).

3) Пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній (чыгуначны вузел).

4) Пункт злучэння галін эл. ланцуга.

5) Частка збудавання ў месцы злучэння некалькіх стрыжняў і да т.п. элементаў у буд. канструкцыях.

6) Адно ці некалькі збудаванняў, у якіх устаноўлена спец. абсталяванне (напр., санвузел).

т. 4, с. 288

ВУ́ЗЕЛ МАРСКІ́,

пазасістэмная адзінка скорасці руху суднаў. Адпавядае скорасці, пры якой судна праходзіць адлегласць у адну марскую мілю за гадзіну. 1 вузел марскі = 1,852 км/гадз = 0,5144 м/с.

т. 4, с. 289

ВУ́ЗЕЛ СУ́ВЯЗІ,

1) састаўная частка сетак сувязі краіны, прызначаная для аб’яднання і размеркавання патокаў паведамленняў (тэлеграфных, тэлефонных, паштовых і інш.), што паступаюць з некалькіх (не менш як трох) напрамкаў.

2) Прадпрыемства сувязі, якое забяспечвае насельніцтва, арганізацыі і ўстановы рознымі паслугамі сувязі. Арганізуе таксама распаўсюджванне перыяд. выданняў (па падпісцы), займаецца пытаннямі тэле- і радыёвяшчання. Да вузлоў сувязі адносяць тэлеграфныя станцыі, гар. і міжгароднія тэлефонныя станцыі, паштамты, аддзяленні і агенцтвы сувязі. Забяспечваецца тэлегр. і факсімільнымі апаратамі, апаратурай абмену інфармацыяй з выліч. цэнтрамі і інш. сродкамі сувязі.

т. 4, с. 289

ВУ́ЗІК,

расліна, гл. ў арт. Дуброўка.

т. 4, с. 289

ВУЗКАЦЕ́ЛКІ

(Colidiidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 1500 відаў пераважна ў тропіках. Жывуць у асноўным пад карой і ў драўніне, часта ў хадах, пракладзеных караедамі і інш. насякомымі, радзей у раслінных рэштках, глебе, лясным подсціле, грыбах. На Беларусі відавы склад вывучаны недастаткова. Часцей трапляецца вузкацелка перавязаная (Bitoma crenata).

Цела даўж. 1,5—18 мм, падоўжанае, цыліндрычнае або плоскае, радзей авальнае. Жукі і лічынкі часцей драпежныя — кормяцца караедамі, іх лічынкамі і інш.; лічынкі некат. відаў — вонкавыя паразіты жукоў шашаляў або пчол.

т. 4, с. 289

ВУ́ЗЛА,

вёска ў Сваткаўскім с/с Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 20 км ад Мядзела, 130 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Княгінін. 263 ж., 100 двароў (1996).

Вядома з 1524 як прыватнаўласніцкі маёнтак. Належала Радзівілам, Сапегам, Свалынскім, Кішкам, Ваньковічам, Тызенгаўзам, Пшаздзецкім і інш. Уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. З 2-й пал. 19 ст. ў Мядзельскай вол. Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1886 у Вузле бровар, валюш, вадзяны млын, царква, у канцы 19 ст. нар. вучылішча. З 1921 у Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Мядзельскім р-не. У 1965—87 цэнтр сельсавета. У 1970 — 272 жыхары.

Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла рус. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1820-я г.).

т. 4, с. 289