Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

І́ЛЬЖА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,8 км. Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя, месцамі на З і У пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Прасвята.

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (1893, Масква — 7.5.1919),

удзельнік грамадз. вайны на Палессі. З ліст. 1918 агент ЧК па забеспячэнні Чырв. Арміі ў раёне Лунінец—Сарны—Роўна, дамогся ад ням. акупантаў перадачы рэўкому артыл. складоў і інш. ваен. маёмасці б. царскай арміі. Для абароны раёна ад пятлюраўцаў сфарміраваў з палескіх паўстанцаў 3 палкі (каля 3 тыс. чал.). Старшыня Ваен. савета камуніст. паўстанцкіх войск Беларусі і Зах. Украіны, чл. Палескага рэўкома (гл. Палескае паўстанне 1918—19). Распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырв. Арміі вызваліў Сарны, Корасцень. Загінуў у баі пад Шапятоўкай. Пахаваны ў Мінску.

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Віктар Макаравіч) (н. 31.3.1930, в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной электратэхнікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1953), дзе і працаваў. З 1971 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1973 рэктар). Навук. працы па тэорыі нелінейных эл. ланцугоў і сістэм. Распрацаваў метад безгістэрэзіснага намагнічвання ферамагн матэрыялаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў па электратэхніцы для ВНУ.

Тв.:

Общая электротехника. 2 изд Мн., 1968 (у сааўт.);

Электротехника. Мн., 1977 (у сааўт).

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),

рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.​Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.

Тв.:

Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг. Т. 1—2. М., 1992;

Путь к очевидности. М., 1993;

Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́НА́ (Алена Георгіеўна) (н. 8.12.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі. Д-р мед. н. (1994). Правадз. чл. Нью-Иоркскай АН (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1974). З 1986 у Бел. НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб. Навук. працы па клініка-генет. даследаваннях заган развіцця, камп’ютэрных метадах дыягностыкі, распрацоўцы метадаў прафілактыкі разумовай адсталасці, стварэнні Бел. нац. Рэгістра прыроджанай паталогіі чалавека.

Тв.:

Медицинская генетика: Итоги и перспективы. М., 1983 (у сааўт.);

Регист хромосомных болезней человека. М., 1984 (у сааўт.);

Kabuki-rnake up (Niikawa-Kuroki) syndrome in Belorussan Register of congenital malformations (у сааўт.) // American Journal of Medical Genetica. 1995. №2.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Ільіна-Дзмітрыева) Анегіна Ягораўна

(н. 3.2.1943, с. Дзюлюкю Верхневілюйскага р-на, Рэспубліка Саха),

якуцкая спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1982), нар. арт. СССР (1988). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1968). З 1969 салістка Якуцкага муз.-драм. т-ра імя П.​Айунскага, з 1971 — Якуцкага муз. т-ра. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Дзярж. прэмія Якуціі 1972, Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Лідзія Аляксандраўна) (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.​С.​Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Наталля Іосіфаўна) (19.5.1914, г. С.-Пецярбург — 19 1.1994),

руская пісьменніца. У 1920 з бацькамі эмігрыравала, з 1936 у Шанхаі. У 1947 рэпатрыіравалася ў СССР. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1953). Аўтар кн. фельетонаў «Іншымі вачыма. Нарысы шанхайскага жыцця» (1946), зб-каў літ. фельетонаў і пародый «Увага: небяспека!» (1960), «Не трэба авацый!» (1964), «Нешта тут не клеіцца» (1968), «Табло, што свеціцца» (1974), аўтабіягр. рамана «Вяртанне» (кн. 1—2, 1957—65; пра лёс рус. эмігрантаў у Кітаі), кніг успамінаў «Лёсы. З даўніх сустрэч» (1980), «Дарогі: Аўтабіяграфічная проза» (1983), «Сустрэчы» (1987) і інш.

Тв.:

Белогорская крепость: Сатирическая проза, 1955—1985. М. 1989.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 199

Ільіна Зінаіда Макараўна

т. 18, кн. 1, с. 393

ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,

сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Груша Ільінка.

т. 7, с. 199