ІЛЬІНА́ (Лідзія Аляксандраўна) (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.С.Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)