Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫХАМАНО́З, трыхаманіяз,

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца трыхаманадамі. У чалавека крыніца інфекцыі — хворыя на Т. і паразітаносьбіты (заражэнне адбываецца пераважна палавым шляхам). Адносіцца да венерычных хвароб. Найчасцей бывае Т. похвы (трыхаманадны кальпіт у жанчын) і Т. мочаспускальнага канала (трыхаманадны урэтрыт у мужчын). Адрозніваюць Т. востры, падвостры, хранічны. Асн. прыкметы: белі, сверб, набраканне слізістай абалонкі, частае мочаспусканне, агульная слабасць. У мужчын часта працякае бессімптомна. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл найб. пашыраны Т. палавых органаў буйн. раг. жывёлы, свіней, птушак. Заражаюцца пераважна пры спароўванні або штучным асемяненні.

т. 16, с. 9

ТРЫХАМІЦЭ́ТЫ (Trichomycetes),

клас грыбоў. Сістэм. становішча недастаткова высветлена. 2 парадкі: амёбідыевыя і экрынавыя. 60—100 відаў. Трапляюцца ў кішэчніку, страўніку, на анальных пласцінках водных і наземных членістаногіх. Магчыма, многія з іх не паразіты, а аблігатныя (абавязковыя) каменсалы, што харчуюцца з навакольнага асяроддзя ў кішэчніку ці страўніку членістаногага (гл. Каменсалізм).

Слаявіна (даўж. да 1 см) у выглядзе шмат’ядзерных, простых, несептаваных або галінастых септаваных нітак, прымацаваных да субстрату спец. клеткай. Пры бясполым размнажэнні канцавыя сегменты нітак ператвараюцца ў спарангіі. Некат. Т. не ўтвараюць спор, іх слаявіны распадаюцца на аідыі. Пры палавым працэсе адбываецца зліццё адасобленых у ніткі пратапластаў або ядраў з утварэннем таўстасценнай зіготы.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 9

ТРЫХАСТРАНГІ́ЛЫ,

паразітычныя чэрві сям. трыхастрангілідаў кл. круглых чарвей. Паразіты страўніка і тонкіх кішак пазваночных жывёл, радзей чалавека.

Дробныя, ніткападобнай формы. Даўж. цела 3—6 мм. шыр. 0,04—0,8 мм. Самцы звычайна меншыя за самак. Развіваюцца простым шляхам. З кішэчніка яйцы Т. з фекаліямі жывёл выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе, дзе з іх развіваюцца лічынкі. Пасля 2 лінек лічынкі становяцца інвазійнымі, здольнымі да міграцыі ў глебе, на раслінах. Выклікаюць трыхастрангілёз.

Трыхастрангілы: 1 — самец; 2 — самка.

т. 16, с. 9

ТРЫХАФІТЫ́Я [ад грэч. thrix (trichos) волас + phyton расліна],

трыхафітоз, інфекцыйная хвароба птушак, жывёл і чалавека, якая выклікаецца паразітычнымі грыбкамі з роду трыхафітон. Раней Т., як і мікраспарыю, наз. «стрыгучы лішай».

У чалавека адрозніваюць паверхневую і глыбокую формы Т. Прыкметы паверхневай падобныя з прыкметамі мікраспарыі, пры глыбокай на целе і валасістай ч. галавы ўзнікаюць падобныя на нарывы балючыя ўтварэнні, бывае ўстойлівае аблысенне. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце з хворым на Т., праз бялізну, адзенне і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Т. найб. успрымальны маладняк буйн. раг. жывёлы.

т. 16, с. 10

ТРЫХАЦЭФАЛЁЗ [ад грэч. thrix (trichos) волас + kefalē галава],

глісная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл, чалавека, што выклікаецца нематодамі роду трыхацэфалюс. Пашыраны ўсюды, асабліва сярод свіней і жвачных. Узбуджальнікі — воласагаловы. З экскрэментамі іх яйцы трапляюць у глебу. Жывёлы заражаюцца праз корм і ваду; чалавек — пры спажыванні ягад, садавіны, агародніны, забруджаных яйцамі ўзбуджальніка. У жывёл адзначаюць залежванне, уздыбленасць шчаціння, паносы, кроў у фекаліях. Прыкметы Т. ў чалавека: галаўны боль, запоры або паносы, нерв. расстройствы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 10

ТРЫХІНЕЛЁЗ,

ачаговая глісная хвароба чалавека і жывёл, узбуджальнік якой трыхіна. Асн. носьбіты трыхін (трыхінел) — свойскія (свінні, каты, сабакі і інш.) і дзікія (ваўкі, лісы, мядзведзі, пацукі і інш.) жывёлы.

Чалавек заражаецца пры спажыванні мяса жывёл, заражанага лічынкамі паразіта. Прыкметы: ацёк твару (адсюль нар. назва адутлаватка), боль у мышцах (найб. міжрэберных і ног), ліхаманка (т-ра цела 39—40 °C). Часта на скурным покрыве з’яўляецца пляміста-папулёзная аднамомантная высыпка, падобная да высыпкі пры адры. У цяжкіх выпадках — ацёк усяго цела, затуманенне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 16, с. 10

ТРЫХІ́НЫ, трыхінелы (Trichinella),

род паразітычных нематод кл. круглых чарвей. Найб. вядомая Т. спіраліс, палаваспелая стадыя якой жыве ў прасвеце тонкага кішэчніка пераважна драпежных або ўсёедных млекакормячых і чалавека. Выклікае трыхінелёз.

Даўж. самцоў 0,6—1,6 мм, самак 1,3—4,4 мм. Жывіцца сокамі тканак. Аплодненыя самкі ўкараняюцца ў сценку кішэчніка, нараджаюць лічынак, якія з токам крыві разносяцца па целе гаспадара. З капіляраў лічынкі мігрыруюць у папярочнапаласатыя мышцы, дзе растуць, скручваюцца ў спіраль і інкапсулююцца (захоўваюць жыццяздольны стан больш як год).

т. 16, с. 10

ТРЫХІЯ́З [ад грэч. thrix (trichos) волас],

няправільны рост вейкаў, пры якім іх канцы накіраваны ў бакі і да вочнага яблыка. Прычыны Т. — блефарыт, трахома, дыфтэрыя вачэй, рубцы пасля апёкаў. Лячэнне хірургічнае.

Трыхіна: 1 — самец; 2 — самка; 3 — інкапсуляваныя лічынкі ў мышцах (а — свінні; б — ліса; в — белага мядзведзя).

т. 16, с. 10

ТРЫХЛОРМЕТА́Н,

тое, што хлараформ.

т. 16, с. 10

ТРЫХЛОРЭТЫЛЕ́Н, трыхлорэтэн,

хлорвытворнае этылену, ClCH=CCl2.

Бясколерная вадкасць з саладкаватым пахам, tкіп 86,7 °C, шчыльн. 1464,2 кг/м³ (20 °C). Маларастваральны ў вадзе, утварае азеатропную сумесь (tкіп 73 °C, 7% вады); змешваецца з арган. растваральнікамі. На святле паступова акісляецца кіслародам паветра з утварэннем фасгену COCl2 (для стабілізацыі выкарыстоўваюць алкіламіны, эпаксіды і інш.). Атрымліваюць Т. разам з тэтрахлорэтыленам хлараваннем пры 400—450 °C у кіпячым слоі каталізатара (сілікагель) сумесі хлорэтанаў і хлорэтыленаў (адходаў вытв-сці вінілхларыду, дыхлорэтану). Выкарыстоўваюць для абястлушчвання металаў, хім. чысткі тэкст. вырабаў. Малатаксічны, ГДК у паветры населеных пунктаў 1 мг/м³ (сярэднясутачная), у вадаёмах 0,06 мг/л.

т. 16, с. 10