Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАПАТО́ЦКІ ((Zápotocký) Антанін) (19.12.1884, в. Закалані, каля г. Кладна, Чэхія — 13.11.1957),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Чэхаславакіі. Сын Л.Запатоцкага — аднаго з заснавальнікаў с.-д. партыі Чэхіі. З 1902 чл. с.-д. партыі. Дэлегат 2, 4, 6 і 7-га кангрэсаў Камінтэрна. Адзін з заснавальнікаў кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ), чл. яе ЦК і Палітбюро з дня заснавання (1921). У 1922—25 сакратар ЦК КПЧ, у 1925—38 дэп. Нац. сходу, у 1929—39 ген. сакратар Цэнтр. бюро прафсаюзаў. У 1939—45 у фаш. турмах і канцлагерах. У 1948—53 старшыня Савета Міністраў, у 1953—57 прэзідэнт Чэхаславакіі.

т. 6, с. 533

ЗАПАТЫ́ЛЬНЫ СТАНО́К,

металарэзны такарны станок для апрацоўкі задняй паверхні (запатылка) зубцоў рэзальнага інструменту (фрэз, метчыкаў, раскрутак), прафілявання кулачкоў. Бываюць універсальныя (могуць выкарыстоўвацца і як такарна-вінтарэзныя станкі агульнага прызначэння) і спецыяльныя. Жорсткая канструкцыя станіны, супарта, апор З.с. забяспечваюць высокую дакладнасць апрацоўкі пры ўдарных нагрузках. Запатыльванне можна рабіць і на разьбашліфавальных станках.

т. 6, с. 533

ЗАПАЎНЯ́ЛЬНІКІ для бетонаў і раствораў,

прыродныя або штучныя сыпкія матэрыялы, якія ў сумесі з вяжучымі рэчывамі і вадой (часам без яе) утвараюць бетоны 1 будаўнічыя растворы. Складаюць да 85% іх аб’ёму, дазваляюць рэгуляваць іх уласцівасці.

Падзяляюцца на дробныя з памерам зерняў да 5 мм (пераважна пясок) і буйныя 5—70 мм (жвір, друз); цяжкія, або шчыльныя (прыродныя, пераважна кварцавыя, і драблёныя пяскі. а таксама жвір і друз з розных парод, металург. шлакаў і інш. матэрыялаў) і лёгкія, або порыстыя (штучныя — аглапарыт, керамзіт. успучаныя вермікуліт і перліт, шлакавая пемза, паліўныя шлакі і попел; прыродныя — драблёныя порыстыя горныя пароды: пемза, туф, ракушачнік і інш.). Выкарыстоўваюць таксама арган. З.: пілавінне, драўняную стружку, трэскі, драблёны чарот, успучаныя палімерныя гранулы.

І.І.Леановіч.

т. 6, с. 533

ЗАПА́ШНЫЯ,

сям’я расійскіх цыркавых артыстаў. Выступаюць у жанрах акрабатыкі і гімнастыкі. Вальтэр Міхайлавіч (н. 2.4.1928), акрабат, гімнаст, дрэсіроўшчык. Засл. арт. Расіі (1969). Стварыў атракцыён «Сярод драпежнікаў» (1961). Мсціслаў (Мечыслаў) Міхайлавіч (н. 16.5.1938). Засл. арт. Расіі (1971). Нар. арт. СССР (1990). Выступае з сястрой Ганнай і жонкай Далорэс у нумарах, якія спалучаюць акрабатыку і вальтыжыроўку, а таксама як дрэсіроўшчык сланоў і тыграў. Нумар «Акрабаты-вальтыжоры браты Запашныя» вылучаецца кампазіцыйнай дакладнасцю, насычанасцю трукамі, акцёрскай выразнасцю.

Атракцыён «Сланы і тыгры» Д. і М.Запашных.

т. 6, с. 533

ЗАПЕ́Ў,

1) пачатак харавой песні, які выконваецца адным або некалькімі спевакамі (запяваламі).

2) Пачатак быліны, зачын, які падводзіць слухача да асноўнага зместу твора.

т. 6, с. 533

ЗАПІ́НСКІ ПАВЕ́Т Існаваў у 1792—93 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. Цэнтр — г. Столін.

т. 6, с. 533

ЗАПІРА́ННЯ СХЕ́МА, антысупадзенняў схема,

электронная прылада дыскрэтнага дзеяння, прынцып работы якой заснаваны на вылучэнні пэўнай групы падзей (з’яўленне эл. імпульсаў, іанізавальных часціц ці інш.) пры ўмове, што хоць адна з іх адбываецца не адначасова з астатнімі. Мае некалькі ўваходаў і адзін выхад; выхадны сігнал выдаецца толькі пры адсутнасці сігналу на адным з уваходаў; напр., пры даследаваннях паглынальных здольнасцей рэчыва да забараняльных уваходаў З.с. далучаюцца лічыльнікі, размешчаныя пасля даследаванага слоя, да астатніх уваходаў — размешчаныя паміж крыніцай выпрамянення і дадзеным слоем. Выхадны сігнал мае інфармацыю толькі аб часціцах, паглынутых у выпрабаваным слоі рэчыва. Выкарыстоўваецца ў ядз. электроніцы, амплітудных аналізатарах, дэшыфратарах, дэкадавальных прыладах і інш.

А.В.Берастаў.

т. 6, с. 533

«ЗАПІ́СКІ АДДЗЕ́ЛА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́К»,

серыйнае навуковае выданне. Выдавалася ў 1927—30 у Мінску на бел. мове Інбелкультам і БелАН. У серыю ўваходзілі «Працы...» камісій, кафедраў, ін-таў Інбелкульта (кн. 1—6) і БелАН (кн. 7—13). Змяшчаліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, філалогіі і правазнаўстве, справаздачы аб экспедыцыях, дзейнасці навук. устаноў, рэцэнзіі і бібліягр. агляды. Пераважная ўвага аддавалася публікацыям даследаванняў і крыніц па гісторыі і культуры Беларусі (асабліва перыяду феадалізму), бел. мове (працы А.Бурдзейкі, Я.Гембіцкага, Дз.І.Даўгялы, М.В.Доўнар-Запольскага, В.Д.Дружчыца, С.А.Дубінскага, Т.Забелы, У.Ігнатоўскага, А.Дз.Кавалені, К.Кернажыцкага, У.Краснянскага, М.Любаўскага, А.М.Ляўданскага, В.Мачульскага, К.М.Палікарповіча, У.Пічэты, Ц.Сцяпанава, С.С.Шутава, М.М.Шчакаціхіна, А.Ясінскага). Выданне ілюстравалася малюнкамі, фатаграфіямі, картамі, схемамі, планамі; змяшчала геагр. паказальнікі.

А.Л.Кіштымаў.

т. 6, с. 534

ЗАПІСНО́Е, грашовае,

феадальная грашовая павіннасць сялян ВКЛ у 16—18 ст. Спаганялася пры ўнясенні чыншу. Звычайна складала 1 грош з кожнага злотага чыншу (адсюль другая назва). Была пашырана на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 6, с. 534

ЗА́ПІС ТЭЛЕВІЗІЙНЫХ СІГНА́ЛАЎ,

запіс відарысаў (напр., тэлепраграм) з мэтай іх захоўвання і наступнага ўзнаўлення. Бывае аналагавы і лічбавы (найб. дасканалы). У адрозненне ад фота- і кіназдымкі пры З.т.с. відарыс напачатку пераўтвараецца ў паслядоўнасць эл. сігналаў (відэасігналаў), якія фіксуюцца на носьбіце запісу. Адрозніваюць магн. (найб. пашыраны), аптычны, магн.-аптычны, эл.-статычны, мех. З.т.с.; пры запісе ў памяць ЭВМ выкарыстоўваюцца накапляльнікі даных.

Магн. З.т.с. падобны на магнітны запіс гуку і ажыццяўляецца на магн. стужцы (або дыску) з дапамогай відэамагнітафона. Адрозніваецца магчымасцю шматразовага выкарыстання носьбіта, дазваляе электронны мантаж фрагментаў відэаінфармацыі і інш. Пры аптычным і магн.-аптычным З.т.с. на носьбіт запісу ўздзейнічае светлавы прамень (звычайна лазерны), у выніку чаго асобныя ўчасткі носьбіта мяняюць свае аптычныя характарыстыкі (напр., каэф. адбіцця, пераламлення ці паглынання святла; гл. Аптычны дыск). Пры эл.-статычным З.т.с. на сігналаграме фіксуецца размеркаванне эл. зарадаў (патэнцыяльны рэльеф) на паверхні носьбіта (дыска). Дыскі выкарыстоўваюцца толькі для ўзнаўлення інфармацыі (як грампласцінкі) з дапамогай ёмістаснага пераўтваральніка. Мех. З.т.с. падобны на мех. гуказапіс; яго носьбіт — метал. ці пластмасавы дыск, на паверхні якога сігналаграма фіксуецца ў выглядзе спіральнай канаўкі, шырыня (ці глыбіня) якой мяняецца ў адпаведнасці з параметрамі відэасігналаў.

А.П.Ткачэнка.

т. 6, с. 533