Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛЛІ́НІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.

В.Л.Насевіч.

т. 7, с. 197

І́ЛЛІЧ-СВІ́ТЫЧ (Уладзіслаў Маркавіч) (12.9.1934, Кіеў — 22.8.1966),

рускі мовазнавец-кампаратывіст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). Канд. філал. н. (1963). Абгрунтаваў настратычную тэорыю (гл. Настратычныя мовы) роднасці індаеўрап., картвельскіх, семіта-хаміцкіх, дравідыйскіх, уральскіх і алтайскіх моў; стварыў параўнальны слоўнік агульных каранёў «Спроба параўнання настратычных моў» (т. 1, 1971). Аўтар фундаментальнай працы «Іменная акцэнтуацыя ў балтыйскім і славянскім» (1963), этымалагічных і параўнальна-фанет. даследаванняў па слав. і балт. мовах, індаеўрапеістыцы.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 222—226.

т. 7, с. 197

ІЛО́РЫН (Ilorin),

горад на ПдЗ Нігерыі, адм. цэнтр штата Квара. 431 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (алейная пальма, ямс, кукуруза, жывёлагадоўля). Цукр., тытунёвая і запалкавая ф-кі. Ганчарныя рамёствы. Ун-т.

т. 7, с. 198

ІЛО́ТЫ,

земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.

т. 7, с. 198

І́ЛТНЕР ((Iltner) Эдгар Карлавіч) (3.3.1925, хутар Бурыкі Ліепайскага р-на, Латвія — 9.2.1983),

латышскі жывапісец. Засл. дз. маст. Латвіі (1963). Нар. мастак Латвіі (1973). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1975). Вучыўся ў Латв. АМ (1949—56) і выкладаў там з 1960 (праф. з 1973, рэктар у 1974—76). У творах 1950—60-х г., выкананых у строгай, пластычна выразнай манеры, імкнуўся да абагульненай інтэрпрэтацыі тэмы працы («Мужы вяртаюцца», «Гаспадары зямлі», «Мазолістыя рукі»; за дзве апошнія Дзярж. прэмія Латвіі 1965; «Бессмяротнасць»). У 1970-я г. ствараў пейзажы, карціны на быт. тэмы, якія вылучаліся энергічнай манерай пісьма і святланосным каларытам («Ля мора», «Аратыя» і інш.). Размаляваў столь у Музеі тэатр. т-ва г. Талсы (1973).

Э.Ілтнер. Размалёўка столі ў Музеі тэатральнага таварыства г. Талсы, Латвія. 1973.

т. 7, с. 198

І́ЛУ,

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бажаство, бацька багоў і людзей, творца сусвету і ўсяго існага, які дае людзям патомства. У Старым запавеце выступае пад імем Элахіма як адзіны бог, стваральнік сусвету, жывёл і людзей.

т. 7, с. 198

ІЛУРА́Т,

старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст. н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 198

ІЛЫМА́НІ (Illimani),

горны масіў у хр. Кардыльера-Рэаль (Цэнтр. Анды) на 3 Балівіі. Выш. да 6462 м. Складзены з гранітаў. На паўн.-ўсх. схілах І. шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 7, с. 199

ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.

Ільвіны зеў вялікі.

т. 7, с. 198

І́ЛЬЖА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км2, даўж. 1 км, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,8 км. Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя, месцамі на 3 і У пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Прасвята.

т. 7, с. 199