«ІЛІЯ́ДА»,
старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст. ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).
Публ.: Бел. пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус. пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.
т. 7, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)