Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́РШЫ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Першы чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту. Існаваў з восені 1919 да 1920 (аб’яднаны з Другім паказальным тэатрам і Трэцім паказальным тэатрам). Сфарміраваны ў Магілёве з прафес. акцёраў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Рэжысёры; Г.​Бранікоўскі, М.​Дняпроў, І.​Яфімаў. Ставіліся п’есы, імправізацыі, мініяцюры, інсцэніроўкі рознай тэматыкі. Сярод пастановак: «Чырвоная праўда» А.​Вермішава, «Легенда пра камунара» П.​Казлова, «Да перамогі», «Генерал Барклаеў», «Пачуццё абавязку», «Так было» Бранікоўскага (апошні з Яфімавым), «Рэвалюцыйнае вяселле» С.​Мікаэліса, «Кароль Арлекін» Р.​Латара, «Жаніцьба» М.​Гогаля, «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Свеціць ды не грэе», «Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.​Салаўёва, «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «На дне» М.​Горкага, «Карчмарка» К.​Гальдоні, «Патоп» Ю.​Бергера і інш.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 12, с. 319

ПЕ́РШЫ СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,

гл. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.

т. 12, с. 319

ПЕ́РШЫ СХОД БЕЛАРУ́САЎ БЛІ́ЗКАГА ЗАМЕ́ЖЖА Адбыўся 19—20.12.1992 у Мінску; прысутнічалі 240 дэлегатаў з рэгіёнаў былога СССР, Польшчы, а таксама ганаровыя госці — вядомыя дзеячы, прадстаўнікі дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі. Арганізаваны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнікі сходу прынялі заяву і звароты да народаў Беларусі, да беларусаў свету, да парламентаў і ўрадаў на тэр. былога СССР, урада Беларусі. Прынята рашэнне аб правядзенні Першага з’езда беларусаў свету.

Літ.:

Канус К. Мы не пасынкі твае, Беларусь! // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1.

Г.​І.​Сурмач.

т. 12, с. 319

ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб Канстытуцыі БССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВК БССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.​М.​Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр. БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл. Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВК БССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).

В.​Г.​Мазец.

т. 12, с. 319

ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.

Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс. чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.​Смоліч, С.​Некрашэвіч, М.​Гарэцкі, І.​Пятровіч, М.​Доўнар-Запольскі, У.​Ігнатоўскі, М.​Мароз, М.​Мялешка, Я.​Дыла, Я.​Ракаў, Д.​Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 319

ПЕ́РЫ ((Peri) Якопа) (20.8.1561, Рым — 12.8.1633),

італьянскі кампазітар, спявак; адзін з заснавальнікаў жанру оперы. Прадстаўнік т.зв. фларэнційскай камераты (гуртка). Напісаў (з Я.​Корсі) музыку першай оперы «Дафна» (на тэкст паэта А.​Рынучыні; паст. 1597—98; фрагменты музыкі П. не зберагліся), оперы «Эўрыдыка» (паст. 1600; выканаў у ёй партыю Арфея). Аўтар духоўнай музыкі, камерна-вак. твораў.

т. 12, с. 319

ПЕРЫ... (ад грэч. peri навокал, побач, каля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: каля, навокал, напр., перыястыт, перыгей.

т. 12, с. 319

ПЕРЫАРТЭРЫІ́Т ВУЗЕ́ЛЬЧЫКАВЫ, хвароба Кусмаўля-Маера,

інфекцыйна-алергічнае захворванне злучальнай тканкі артэрый (пераважна дробных і сярэдніх). Адносіцца да рэўматычных хвароб, таксама да сістэмных васкулітаў (запаленне крывяносных сасудаў). Найчасцей пашкоджваюцца сасуды нырак, радзей — каранарныя артэрыі сэрца, брыжэйкі, печані, галаўнога мозга. Пры пашкоджанні злучальнай тканкі ў сценках артэрый могуць развіцца ачагі фібрыноіднага некрозу з эксудатыўным і прадукц. запаленнем (напр., прадукц. васкуліты). Адрозніваюць П.в. востры (інфаркты і кровазліцці ў органах) і хранічны (склератычныя змены з далейшай недастатковасцю органаў). У нырках развіваецца падвостры ці хранічны гламеруланефрыт — двухбаковае дыфузнае запаленне.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 319

ПЕРЫБЛЕ́МА (ад грэч. periblēma покрыва, абалонка),

слой ініцыяльных мерыстэматычных клетак конуса нарастання кораня, з якіх узнікаюць клеткі першаснай кары. У голанасенных з П. ўтвараецца пратадэрма.

т. 12, с. 320

ПЕРЫГЕ́Й (ад перы... + грэч. gē Зямля),

бліжэйшы да цэнтра Зямлі пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі; процілеглы апагею. Адлегласць ад П. да цэнтра Зямлі наз. перыгейнай адлегласцю. Адрэзак часу паміж двума праходжаннямі Месяца праз П. наз. анамалістычным месцам, які роўны 27,5546 сярэдніх сонечных сут.

т. 12, с. 320