Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАПАЛЕ́ННЕ МАЧАВО́ГА ПУЗЫРА́,

гл. Цыстыт.

т. 6, с. 530

ЗАПА́ЛКАВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая вырабляе запалкі. Адна з найб. механізаваных і аўтаматызаваных галін дрэваапр. прам-сці. Уключае апрацоўку драўніны (распілоўванне бярвення на цуркі і лушчэнне іх), выраб (са шпоны) і апрацоўку (парафінам) запалкавай саломкі, стварэнне запалкавай галоўкі, выраб запалкавых карабкоў (са шпоны або кардону), упакоўку запалак (па 50—60 шт. у 1 карабок), па 1000 карабкоў у скрынку. Вырабляецца паточным метадам.

Выраб запалак пачаўся ў многіх краінах у 1830-я г. Першая запалкавая ф-ка ў Расіі пабудавана ў Пецярбургу (1837). На Беларусі выраб запалак пачалі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 было 14 паўсаматужных ф-к. Выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855). У 2-й пал. 1920-х г. запалкі выраблялі ў гарадах Барысаў, Гомель, Рэчыца, Пінск. У Вял. Айч. вайну ф-кі разбураны. Пасля вайны працуюць Барысаўская і Пінская запалкавыя ф-кі, Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Выпуск запалак складае 2029,1 тыс. умоўных скрынак (1996).

т. 6, с. 530

ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

ЗАПАЛО́ССЕ, Запалоскае возера,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км2, даўж. 1,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 6,9 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 13,1 км2. Схілы катлавіны выш. 15—25 м, у верхняй ч. разараныя, на 3 парослыя лесам. Берагі высокія, абрывістыя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ў паўн. заліве сплавінныя, усюды пад хмызняком. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з мелкаводнымі і астраўнымі падняццямі), уздоўж берагоў пясчанае, глыбей глеістае. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.

т. 6, с. 530

ЗАПА́ЛЬВАННЕ ў карбюратарных рухавіках,

узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.

А.С.Рукцяшэль.

Сістэма запальвання аўтамабіля: 1 — шпуля запальвання; 2 — першасная абмотка; 3 — другасная абмотка; 4 — размеркавальнік; 5 — перарывальнік; 6 — бегунок; 7 — свечка запальвання.

т. 6, с. 530

ЗАПА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

баявыя сродкі для стварэння пажараў, паражэння жывой сілы і ваен. тэхнікі праціўніка. Засн. на выкарыстанні запальных саставаў. Уключае запальныя боепрыпасы і вогнесумесі, сродкі іх дастаўкі да цэлі. Выкарыстоўваецца з дапамогай авіяцыі (запальныя бакі, бомбы, касеты), артылерыі (запальныя снарады і міны), ручной зброі (запальныя гранаты, агнявыя фугасы, патроны, кулі, агнямёты). Ёсць таксама З.з., у якой спалучаецца запальнае дзеянне з інш. відамі паражэння (асколачна-запальныя снарады, бранябойна-запальныя снарады і кулі і інш.). З.з. выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне, у войнах у Карэі (1950—53) і В’етнаме (1964—73).

т. 6, с. 530

ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.

Паводле хім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл. Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.

Р.А.Чарнушэвіч.

т. 6, с. 530

ЗАПАЛЯ́РНАЕ ГАЗАКАНДЭНСА́ТНАНА́ФТАВАЕ РАДО́ВІШЧА,

размешчана на Пн Цюменскай вобл. Расіі, за 80 км на ПдЗ ад г.п. Тазаўскі (цэнтр здабычы). Уваходзіць у Заходне-Сібірскую нафтагазавую правінцыю. Адкрыта ў 1965. Паклад на глыб. 1—3 км. Пач. запасы 2631,5 млрд. м³.

т. 6, с. 530

ЗАПАЛЯ́Р’Я АБАРО́НА (чэрв. 1941 — кастр. 1944),

баявыя дзеянні войск Паўн., з 1.9.1941 Карэльскага франтоў, Паўн. флоту і Беламорскай флатыліі ў Вял. Айч. вайну на Кольскім п-ве, у паўн. Карэліі, на Баранцавым, Белым і Карскім морах супраць узбр. сіл гітлераўскай Германіі і саюзнай ёй Фінляндыі. Мэта — не дапусціць захопу праціўнікам Кольскага п-ва з незамярзаючым портам Мурманск і Кіраўскай чыгункай, забяспечыць абарону паўн. марскіх камунікацый. У выніку гераічнай абароны сав. войскі не дазволілі праціўніку ізаляваць СССР ад знешніх сувязей праз паўн. парты і перарэзаць Паўн. марскі шлях на Д. Усход, забяспечана дастаўка ў СССР праз Мурманскі порт ваенных грузаў марскімі канвоямі саюзнікаў. У кастр. 1944 узбр. сілы СССР выгналі захопнікаў з сав. Запаляр’я. Прэзідыум Вярх. Савета СССР заснаваў 5.12.1944 медаль «За абарону Савецкага Запаляр’я» (больш за 307 тыс. узнагароджаных). 7.5.1985 Мурманску прысвоена званне «Горадгерой».

т. 6, с. 531

ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш. Асн. параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.

Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т.л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл. Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.

М.П.Савік.

т. 6, с. 531