Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,

штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».

т. 4, с. 118

«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—15 у Мінску на рус. мове. Асвятляў дзейнасць губернскіх і павятовых земстваў, пытанні сельскай гаспадаркі і меліярацыі, лясной справы, эканам. жыцця губерні. Змяшчаў хроніку, распараджэнні ўрада і сената па земскіх справах. Апублікаваў агляд дзейнасці Мінскага земства за 3 гады, нарыс «Кароткая характарыстыка Палесся». Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК МИ́НСКОГО ГУБЕ́РНСКОГО КОМИССАРИА́ТА»,

штодзённая газета, орган Мінскага губ. Камісара Часовага ўрада. Выходзіла з 9(22).3 да 19.12.1917 (1.1.1918) у Мінску на рус. мове (замест «Минских губернских ведомостей»). Да № 33 мела назву «Вестник Минского губернского комиссара». Друкавала пастановы Часовага ўрада. Усе падзеі адлюстроўвала ў агульнадэмакр кірунку, што спрыяла кансалідацыі грамадства. У паслякастр. перыяд праводзіла антыбальшавіцкую палітыку. Прыпыніла выхад з прычыны скасавання губ. Камісарыята.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК МИ́РА»,

газета Беларускага фонду міру. Выходзіць з ліст. 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра дзейнасць Бел. фонду міру, грамадскага аб’яднання «Дзеці ў бядзе», бел. і замежных дабрачынных арг-цый, што аказваюць дапамогу ахвярам чарнобыльскай трагедыі. Асвятляе выкананне праграм па лячэнні і аздараўленні бел. дзяцей, устанаўленне і развіццё сувязей з замежнымі партнёрамі, размеркаванне гуманітарнай дапамогі і інш. Друкуе матэрыялы міжнар. сімпозіумаў, канферэнцый, круглых сталоў па праблемах Чарнобыля. Мае рубрыкі: «Супраць бяды — разам», «Крыніцы міласэрнасці», «Чорны боль мой» (фотаматэрыялы), «Нашы замежныя партнёры» і інш.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК МОГИЛЁВСКОГО ЗЕ́МСТВА»,

часопіс. Выдаваўся ў 1914—17 у Магілёве на рус. мове. Меў на мэце служыць інтарэсам і патрэбам земскага і гар. самакіравання, пераважна заходніх земстваў, утвораных у адпаведнасці з указам ад 14.3.1911. Асвятляў дзейнасць земскіх устаноў, пытанні сельскай гаспадаркі, меліярацыі, эканам. жыцця губерні, змяшчаў агляды дзейнасці земстваў інш. губерняў, пастановы ўрада па земскіх справах. Выйшла 67 нумароў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК НАРО́ДНОГО КОМИССАРИА́ТА ПРОСВЕЩЕ́НИЯ»,

часопіс, орган Наркамата асветы БССР. Выдаваўся з кастр. 1921 да ліст. 1922 у Мінску на рус. мове, меў асобны аддзел на бел. мове. Пісаў пра ліквідацыю непісьменнасці, правядзенне школьнай рэформы, развіццё асветы, вышэйшай школы. Змяшчаў навук. і крытычныя артыкулы па пытаннях бел. гісторыі, культуры, л-ры, мовы. У часопісе друкаваліся З.Бядуля, У.Ігнатоўскі, Я.Карскі, Я.Колас, У.Пічэта і інш. Выйшла 14 нумароў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК РО́ДИНЫ»,

перыядычны лісток Мінскага падп. гаркома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў студз.лют. 1942 у Мінску на рус. мове. З мэтай канспірацыі выходзіў ад імя паліт. ўпраўлення Зах. фронту. Захаваліся 3 нумары: ад 18, 25 студз. і 1 лютага.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СТНИК Ю́ГО-ЗА́ПАДНОЙ И ЗА́ПАДНОЙ РОССИ́И»,

назва час. «Вестник Западной России» ў 1862—64.

т. 4, с. 119

ВЕ́СТРЫС

(Vestris) Агюст (сапр. імя Мары Жан Агюстэн; 27.3.1760, Парыж — 5.12.1842),

французскі артыст балета, педагог. Сын і вучань танцоўшчыка і балетмайстра Г.Вестрыса і балерыны М.Алар. У 1772—1816 (з перапынкамі) у Каралеўскай акадэміі музыкі і танца ў Парыжы (з 1778 першы танцоўшчык). Выконваў розныя партыі ў балетах, пастаралях, балетных нумарах у операх, пастаўленых Ж.Ж.Наверам, П. і М.Гардэлямі, Г.Вестрысам і інш. Атрымаў у спадчыну ад бацькі тытул «бога танца». Сярод вучняў Вестрыса: Ш.Дзідло, Ж.Перо, А.Бурнанвіль; у яго займаліся М.Тальёні, К.Грызі, Ф.Эльслер.

т. 4, с. 119

ВЕСТФА́ЛІЯ

(Westfalen),

гістарычная вобласць у паўн.-зах. Германіі, паміж рэкамі Рэйн і Везер. Упершыню згадваецца ў 775. Была тэрыторыяй рассялення вестфалаў (зах. адгалінавання герм. племені саксаў), часткай герцагства Саксонія (створана ў 9 ст.). З 1180 самаст. герцагства (створана імператарам Фрыдрыхам І Барбаросам пры падзеле саксонскага герцагства Генрыха Льва; тытул вестфальскіх герцагаў насілі кёльнскія біскупы), неаднаразова раздраблялася. У 1807—13 частка напалеонаўскага Вестфальскага каралеўства (сталіца — г. Касель). У 1815—1945 пруская правінцыя (цэнтр — г. Мюнстэр). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе створанай у брыт. акупац. зоне зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, якая ў 1949 стала зямлёй ФРГ.

т. 4, с. 119