Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),

мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл. Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр. вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).

т. 10, с. 159

МАРЫТЭ́Н ((Maritain) Жак) (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),

французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.​Лютэр, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 159

МАРЫУ́ПАЛЬ,

горад на Украіне, у Данецкай вобл. Засн. ў 1778. У 1948—89 наз. Жданаў. Нас. 504 тыс. ж. (1997). Порт на Азоўскім м., у вусці р. Кальміус. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Важны цэнтр металургічнай (2 камбінаты), маш.-буд. (з-ды цяжкага машынабудавання, «Электрабытпрыбор», суднарамонтны і інш.), хім. і коксахім. прам-сці. Прам-сць: харч. (мясны, рыбакансервавы камбінаты), лёгкая. Металургічны ін-т. Тэатр. Краязнаўчы і этнагр. музеі. Кліматычны і гразевы курорт. Каля горада Марыупальскі могільнік.

т. 10, с. 159

МАРЫУ́ПАЛЬСКІ МО́ГІЛЬНІК,

познанеалітычны могільнік 3-га тыс. да н.э. каля г. Марыупаль (Украіна). Даследаваў у 1930 М.​Е.​Макаранка. Выяўлена калектыўнае пахаванне (больш за 120 касцякоў), якое ўяўляла траншэю даўжынёй 28 м і шырынёй каля 2 м. Нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым становішчы, каля паловы іх было засыпана чырвонай вохрай. Знойдзены каменныя прылады працы, упрыгожанні з іклаў дзіка, ракавін, касцей і зубоў жывёлы, каменныя навершы булаў і інш.

т. 10, с. 159

МАРЫХУА́НА,

наркотык, які атрымліваюць з лісця і суквеццяў індыйскіх канапель. Належыць да групы галюцынагенаў. Экстракт канапель мае альдэгід канабінол, ад канцэнтрацыі якога залежыць адурманьванне. М. кураць, жуюць. М. выклікае інтаксікацыю арганізма, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі, парушэнні псіхікі і інш. Працяглае ўжыванне вядзе да дэградацыі асобы. Гл. таксама Наркаманія.

т. 10, с. 159

МАРЫ́ЦА,

рака на Пд Балгарыі; ніжняе цячэнне служыць мяжой паміж Грэцыяй і Турцыяй. Даўж. 525 км, пл. басейна каля 53 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Рыла, цячэ па Верхнефракійскай нізіне, прарываецца праз адгор’і Усх. Радопаў. Упадае ў Эгейскае м., утварае забалочаную дэльту. Асн. прыток — р. Тунджа (злева). Сярэдні расход вады каля 200 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. ГЭС. На М. гарады Плоўдзіў, Дзімітраўград (Балгарыя), Эдырне (Турцыя).

т. 10, с. 159

МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,

бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.

т. 10, с. 159

МАРЫЯДЗІ́НІ (Mariodini),

бел. танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Італьянец па паходжанні. У 1780-я г. балетмайстар Шклоўскага тэатра Зорыча і педагог Шклоўскай балетнай школы. Падрыхтаваў 20 прыгонных танцоўшчыц і танцоўшчыкаў, сярод якіх К. і П.Азарэвічы, К.Буткевіч і інш. Выкладаў сцэн. танцы ў Шклоўскім кадэцкім корпусе.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 160

МАРЫЯ́К ((Mauriac) Франсуа Шарль) (11.10.1885, г. Бардо, Францыя — 1.9.1970),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1933). Скончыў ун-т у Бардо (1905). Дэбютаваў як паэт зб-камі «Рукі, складзеныя для малітвы» (1909) і «Развітанне з юнацтвам» (1911). Першы раман «Дзіця пад цяжарам ланцугоў» (1913). У лепшых раманах «Пацалунак, дараваны пракажонаму» (1922), «Маці» (1923), «Пустыня кахання» (1925), «Тэрэза Дэскейру» (1927), «Клубок гадзюк» (1932), «Дарога ў нікуды» (1939) узняты маральна-рэліг. праблемы. Аўтар раманаў «Ягня» (1954), «Падлетак мінулага часу» (1969), аповесці «Мартышка» (1951), зб. антыфаш. артыкулаў «Чорны сшытак» (1943), публіцыст. нарысаў «Блакноты» (1952—70), п’ес, эстэт. прац і інш. Яго проза адметная глыбокім псіхалагізмам, экспрэсіўнасцю, вастрынёй і драматызмам сюжэтаў. На бел. мову асобныя раманы М. пераклаў Л.​Казыра. Нобелеўская прэмія 1952.

Тв.:

Бел. пер. — Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк. Мн., 1985;

Рус. пер. — Тереза Дескейру. Фарисейка. Мартышка. Подросток былых времен. М., 1985;

Не покоряться ночи...: Худож. публицистика. М., 1986;

Жизнь Жана Расина. М., 1988;

Дорога в никуда: Романы, повесть, статьи. М., 1989;

Жизнь Иисуса. М., 1991.

Літ.:

Кирнозе З.И. Франсуа Мориак. М., 1970;

Наркирьер Ф. Франсуа Мориак. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

Ф.Марыяк.

т. 10, с. 160

МАРЫЯНЕ́ТКА (ад франц. marionnette першапачаткова — назва фігурак, якія паказвалі дзеву Марыю ў сярэдневяковым лялечным тэатры),

1) тэатральная лялька, якой кіруе акцёр пры дапамозе спец. прыстасаванняў.

2) Чалавек, урад ці дзяржава, якія паслухмяна дзейнічаюць па ўказцы, па волі іншых.

т. 10, с. 160