МАРЫТЭ́Н ((Maritain) Жак) (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),
французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.Лютэр, Ж.Ж.Русо, І.Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).
В.М.Пешкаў.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)