Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІСТАГЕНЕ́З

(ад гіста... + ...генез),

працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

ГІСТАГРА́МА

(ад грэч. histos, тут слупок + ...грама),

слупковая дыяграма, від графічнага адлюстравання статыстычнага размеркавання якой-небудзь велічыні па колькаснай прыкмеце. Будуецца як сукупнасць сумежных прамавугольнікаў на адной прамой, плошча кожнага з якіх прапарцыянальная частаце знаходжання дадзенай велічыні ва ўсёй сукупнасці. У некаторых выпадках гістаграму можна лічыць шуканай функцыяй шчыльнасці размеркавання імавернасцей (гл. Матэматычная статыстыка). Выкарыстоўваецца ў апрацоўцы фіз. інфармацыі для выдзялення сігналу з шуму, пры аўтам. распазнаванні вобразаў, для скарачэння аб’ёму даных і інш.

С.У.Доўнар.

т. 5, с. 265

ГІСТАЛАГІ́ЧНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА,

міжнародны класіфікаваны пералік тэрмінаў, якія выкарыстоўваюць у гісталогіі. Прынята на 9-м міжнар. кангрэсе анатамаў у г. Ленінград (1970) на лац., англ. і рус. мовах. Кожнай краіне дадзена права ствараць гісталагічную наменклатуру на нац. мове з улікам перакладу лац. тэрмінаў. Праект Бел. гісталагічнай наменклатуры падрыхтаваны ў 1991 паводле сістэматычнага прынцыпу на бел., лац. і рус. мовах і ўключае 2846 тэрмінаў па цыталогіі, агульнай і прыватнай гісталогіі. Зацверджаны на 2-м з’ездзе анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў Беларусі (1991).

т. 5, с. 265

ГІСТАЛО́ГІЯ

(ад гіста... + ..логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.Галілей, 1610, англ. Р.Гук, 1665, галанд. А.Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.А.Кёлікер, 1852, і Ф.Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.М.Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.І.Бабухін, М.Д.Лаўдоўскі, А.С.Догель, П.І.Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.А.Заварзіна і М.Р.Хлопіна), нейрагісталогія (Б.І.Лаўрэнцьеў, М.А.Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.Н.Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.Я.Карытны), органы імуннай сістэмы (А.Ф.Суханаў) і скуры (А.Д.Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.М.Малярэвіч, І.А.Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.Г.Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.І.Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

ГІСТАМІ́Н,

C5H9N3, тканкавы гармон мясц. ўздзеяння, медыятар нерв. сістэмы, біягенны амін. Ёсць у значнай колькасці ў неактыўнай звязанай форме ў тлустых клетках розных органаў і тканак жывёл і чалавека (лёгкіх, печані, скуры), а таксама базафілах крыві. Утвараецца ў выніку дэкарбаксіліравання гістыдзіну. Пры ўзаемадзеянні антыгену (алергена) з малекуламі імунаглабулінаў, звязаных з тлустымі клеткамі, адбываецца вызваленне з клетак сакраторных пузыркоў, у якіх ёсць гістамін, што можа з’яўляцца прычынай алергічных рэакцый арганізма. Гістамін выступае ў ролі сігнальнай малекулы, як хімічны медыятар выклікае расшырэнне крывяносных капіляраў і павышэнне іх пранікальнасці, звужэнне буйных сасудаў, скарачэнне гладкай мускулатуры, рэзка павялічвае сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку.

т. 5, с. 266

ГІСТАПРАТЭ́КТАРЫ,

лекавыя прэпараты, што зніжаюць пашкоджанне слізістай страўніка фіз. і хім. фактарамі. Выкарыстоўваюцца для лячэння язвавай хваробы страўніка і 12-перснай кішкі. Да гістапратэктараў адносяцца: сукралфат, дэнол, карбенаксалон, некат. вытворныя простагландзінаў (мізапрастол), саматастацін і інш.

т. 5, с. 266

ГІСТАРЫ́ЗМ,

слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. Л-ры.

М.Р.Прыгодзіч.

т. 5, с. 266

ГІСТАРЫ́ЗМУ ПРЫ́НЦЫП,

погляд на быццё, чалавечае грамадства і культуру як на працэсы, што змяняюцца ў часе і прасторы, маюць набор пэўных прыкмет, спецыфічных для кожнай гіст. эпохі, рэгіёна ці этнічнай супольнасці. Гістарызму прынцып несумяшчальны з архаізацыяй або мадэрнізацыяй аб’ектаў даследавання, калі яны характарызуюцца паняццямі і аксіялагічнымі крытэрыямі папярэдніх або пазнейшых ступеней гіст. развіцця. Класічная антычная культура сфарміравалася на аснове фаталістычнага светапогляду, паводле якога лічылася, што гіст. падзеі, катастрофы ў жыцці народаў і асобных людзей прадвызначаны лёсам, якому падпарадкавана людское і боскае жыццё. Пазней узнікла гіст. навука (гл. Гісторыя), у якой прагматычнае апісанне падзей і людскіх учынкаў дапаўнялася міфал. сюжэтамі. Гістарызм як спецыфічны прынцып рэтраспектыўнага ўпарадкавання пройдзеных этапаў грамадскага быцця і культуры сфарміраваўся ў стараж.-егіпецкай цывілізацыі, яскрава выявіўся ў біблейскай гісторыі. Біблія паслужыла крыніцай для правідэнцыялісцкай канцэпцыі сярэдневяковай гіст. навукі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва гістарызму прынцып паступова секулярызаваўся, гіст. падзеі пачалі тлумачыць натуральнымі, сац.-паліт. і псіхал. прычынамі, узніклі першыя канцэпцыі філасофіі гісторыі (тэорыя «кругаваротаў» Дж.Віка, гіст. прагрэсу І.Гердэра, інш. філосафаў Асветніцтва). Г.Гегель стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гіст. працэс — гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку (субстанцыі) быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нац. ідэі таго ці іншага гіст. народа. К.Маркс, Ф.Энгельс, рас. марксісты Г.Пляханаў, У.Ленін і інш. на аснове інтэрпрэтацыі гегелеўскай дыялектыкі стварылі гістарычны матэрыялізм, паводле якога гіст. працэсы вызначаюцца развіццём матэрыяльнай асновы грамадскага быцця — дыялектычнай супярэчнасцю паміж прадукцыйнымі сіламі і вытв. адносінамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзнікла канцэпцыя гісторыі як паслядоўнай змены нацыянальна замкнёных культ.-гіст. тыпаў (М.Данілеўскі, К.Лявонцьеў у Расіі) і «закрытых» цывілізацый (О.Шпенглер у Германіі). Бел. навука навука 16—18 ст. захавала фрагменты характэрнага для папярэдняй летапіснай гісторыі правідэнцыялізму. Аднак паступова яны выцясняліся прагматычным метадам, паводле якога гіст. падзеі з’яўляюцца вынікам мэтанакіраваных учынкаў герояў і народаў. У пач. 20 ст. пачалося даследаванне гісторыі Беларусі, яе духоўнай культуры з пункту гледжання нац. самабытнасці. Гегелеўская філасофія гісторыі была дапоўнена дэмакр. прынцыпамі раўнацэннасці ўсіх народаў і іх культур, адкінуты імперскія міфы пра «негістарычныя» народы. Рэалізацыя гэтых ідэй адбывалася ў ходзе даследавання гісторыі і культуры Беларусі, у абагульняльных даследаваннях па гісторыі, л-ры, маст. культуры, шматлікіх энцыклапедычных выданнях («Гісторыя Беларускай ССР», т. 1—5, 1972—75; «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87; «Янка Купала», 1986; «Францыск Скарына і яго час», 1988; «Этнаграфія Беларусі», 1989; «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1993—97, і інш.).

У.М.Конан.

т. 5, с. 266

ГІСТАРЫ́ЧНАГА КРУГАВАРО́ТУ ТЭО́РЫЯ,

сукупнасць поглядаў на гіст. працэс і канцэпцый грамадскага развіцця, паводле якіх грамадства ўвогуле і яго асобныя галіны (дзяржаўнасць, паліт. жыццё, культура і г.д.) змяняюцца ўнутры ўстаноўленага замкнёнага цыкла. Прадугледжвае паслядоўную змену пэўных формаў (часта па аналогіі з ростам і развіццём жывога арганізма) з нязменным вяртаннем да зыходнага становішча гіст. руху, пасля чаго адбываецца адраджэнне і пачынаецца новы цыкл змен. Падобная тэорыя была формай навук. асэнсавання гісторыі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (у Арыстоцеля, Палібія ў вучэнні пра змену і кругаварот дзярж. формаў у рамках пэўнага цыкла). У філасофіі гістарычнага кругавароту тэорыя пераважала да ўзнікнення тэорыі грамадскага прагрэсу (18 ст.). Яе распрацоўвалі Н.Макіявелі, Дж.Віка, Ш.Фур’е і інш. У 19 і 20 ст. Гістарычнага кругавароту тэорыя захавала пэўны ўплыў, знайшла адлюстраванне ў працах М.Я.Данілеўскага, О.Шпенглера, А.Дж.Тойнбі, П.А.Сарокіна і інш. Напачатку яна была спробай знайсці ў плыні гіст. падзей пэўныя заканамернасці, сэнс, парадак і рытм, потым стала тэарэт. асновай даследавання індывід. асаблівасцей лакальных цывілізацый і культур, дасягненняў розных народаў, а таксама пэўнай процівагай тэорыям лінейнага прагрэсу і тэорыі грамадска-эканам. фармацый. Паўплывала на фарміраванне філас.-гіст. поглядаў многіх вучоных, у т. л. Г.Гегеля і інш.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991;

Тойнби А.Дж. Постижение истории: Сб.: Пер. с англ. М., 1991.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 266

ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт. і інш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 266