Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам

(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.​Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар. т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.​Тэраўскі),

танц. група (кіраўнік Ч.​Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.​Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел. прафес. тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел. дзярж. т-ра (з 1944 Бел. т-ра імя Я.​Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.​Адуцкевіч, Т.​Бандарчык, Я.​Беларус, В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Г.​Грыгоніс, Р.​Жакоўскі, Ждановіч, В.​Жылінскі, М.​Зароская, А.​Іваноў, А.​Крыніца, М.​Кудзелька (М.​Чарот), Я.​Лабаноўская, М.​Лабаноўскі, А.​Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.​Міронава, М.​Міцкевіч, П.​Мядзёлка, Л.​Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, Е.​Станкевіч, С.​Станюта, В.​Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.​Чэхава і інш.

Літ.:

Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;

Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.

У.​І.​Няфёд.

Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.

т. 12, с. 307

ПЕРШАІ́СНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, вытворная ад якой роўная зададзенай функцыі; гл. ў арт. Нявызначаны інтэграл.

т. 12, с. 308

ПЕРШАМА́ЙСК,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Да 1964 наз. Жываглодавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 37 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 150 км ад Мінска. 579 ж., 265 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — ветраны млын (2-я пал. 19 ст.).

т. 12, с. 308

ПЕРШАМА́ЙСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Першамай. Пластавы паклад звязаны з алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Прыпяць. Гліны шчыльныя, тлустыя, пластычныя і высокапластычныя з рэдкімі зернямі жвіру і галькі. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³, перспектыўныя 6,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3—12,8 м, ускрышы (пяскі) 0,3—5,8 м. Гліны прыдатныя на выраб керамзітавага жвіру і фасадных керамічных вырабаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 308

ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл.; чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы. Да 1964 наз. Блудзень. Цэнтр сельсавета. За 5 км на З ад г. Бяроза, 96 км ад Брэста. 1842 ж., 832 двары (2000). Бярозаўскі камбікормавы з-д, Бярозаагразабеспячэнне, хлебапякарня, база сельгасхіміі, 6-ы акалодак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, прыёмны пункт Жабінкаўскага цукр. з-да. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 308

ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. Да 1954 наз. Сабакінцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 54 км на Пн ад г. Шчучын, 72 км ад Гродна, 39 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 456 ж., 182 двары (2000). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква, касцёл Узвышэння Крыжа. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 308

ПЕРШАМА́ЙСКІ,

рабочы пасёлак у Лідскім р-не Гродзенскай вобл.; на аўтадарозе Ліда—Іўе. За 8 км на У ад Ліды, 120 км ад Гродна. 1,4 тыс. ж. (2000). Працуюць торфабрыкетны з-д «Лідскі»; сярэдняя і муз. школы, яслі-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.

т. 12, с. 308

ПЕРШАПАКУ́ТНІКІ ў хрысціянстве,

рэальна існуючыя або міфічныя асобы, прылічаныя царквой да святых за пакуты і смерць, прынятыя за веру. Культ П. склаўся ў перыяд ганення хрысціян у Рым. імперыі. П. станавіліся першымі святымі ў хрысц. пантэоне. У шэрагу выпадкаў з імі звязаны рэліг. легенды і паданні (гл. таксама Святыя Беларусі).

т. 12, с. 308

ПЕРШАПАЧАТКО́ВАЕ НАКАПЛЕ́ННЕ КАПІТА́ЛУ,

працэс ператварэння сродкаў вытв-сці і грашовых багаццяў у капітал, а непасрэдных таваравытворцаў (пераважна сялян) — у наёмных рабочых. Адбываўся ў Зах. Еўропе ў 15—18 ст. Паняцце ўведзена А.Смітам, распрацавана К.​Марксам.

т. 12, с. 308

ПЕРШАПАЧАТКО́ВЫЯ КАНТО́НЫ,

прынятая ў гістарычнай л-ры назва трох швейц. кантонаў — Швіца, Уры і Інтэрвальдэна, якія ў 1291 аб’ядналіся ў т.зв. «вечны саюз» для барацьбы з Габсбургамі. Кантоны абавязаліся аказваць адзін аднаму дапамогу супраць знешняга ворага, адмаўляліся прымаць на службовыя пасады немясц. асоб, дзеля разбору ўнутр. спрэчак увялі сістэму трацейскага суда. Саюз П.к. стаў пачаткам утварэння Швейц. канфедэрацыі.

т. 12, с. 308