Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РФУ,

італьянская назва грэч. в-ва Керкіра.

т. 8, с. 423

КО́РЦІК,

колючая халодная зброя з прамым тонкім двухбакова-вострым клінком і з ручкай, што мае крыжавіну і галоўку. З’явіўся ў канцы 16 ст. як абардажная зброя. Цяпер прадмет форменнага адзення ў ВМФ многіх дзяржаў (параднай формы адміралаў, генералаў, афіцэраў, мічманаў і прапаршчыкаў).

т. 8, с. 424

«КО́РЧАК»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 270 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Баратынскія, Браніцкія, Есьманты, Заранкі, Іллінічы, Катовічы, Мялешкі, Млечкі. Мае ў чырв. полі тры папярочныя сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Клейнод — над прылбіцай з каронай у залатой чары палова сярэбранага сабакі. У Польшчы вядомы з канца 14 ст. Паводле Я.Длугаша, герб утвораны каралём Людвікам I; ён дадаў тры бэлькі, якія выцеснілі сабаку з тарчы ў клейнод. У ВКЛ пашырыўся пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413.

Герб «Корчак».

т. 8, с. 424

КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Бяганская, У.Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424

КО́РЧЫК (Павел) (сапр. Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦК КПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл. Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦК КПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦК КПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУС БССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.

Літ.:

Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел. гіст. часоп. 1996. № 3—4.

У.Ф.Ладысеў, У.М.Міхнюк.

П.Корчык.

т. 8, с. 424

КО́РЧЫЦ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1.9.1893, в. Багдановічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.10.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1946). Скончыў курсы старшага камсаставу «Выстрал» (1923, 1930), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1953). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1926 камандзір палка, нач. штаба дывізіі, корпуса, на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. З 1944 у Войску Польскім, у 1945—54 нач. Генштаба Войска Польскага, адначасова з 1950 віцэ-міністр Нац. абароны Польшчы. З 1954 у СССР.

У.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

КО́РЧЫЦ (Яўген Вітольдавіч) (н. 29.3.1880, Ташкент — 16.5.1950),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Чл.-кар. АН Беларусі (1947), д-р мед. н. (1927), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). З 1926 у Мінскім мед. ін-це (з 1929 заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні эндэмічнага валляка, злучэнні доўгіх трубчастых касцей, хірург. лячэнні спленамегалій і туберкулёзу лёгкіх. Упершыню на Беларусі зрабіў аперацыю на сэрцы (1927). Заснаваў Бел. анкалагічны дыспансер і валляковую станцыю (1934).

Тв.:

Антысептыка і асептыка. Мн., 1931;

Хирургическое лечение легочного туберкулеза // Сб. работ: (К 25-летию Бел. гос. мед. ин-та). Мн., 1939;

Эндемический зоб // Сб. науч. работ Ин-та теорет. и клинич. медицины АН БССР. Мн., 1947.

Я.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял. Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ. час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.

Тв.:

У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.

С.Х.Александровіч.

А.І.Коршак.

т. 8, с. 424

КО́РШУК (Уладзімір Канстанцінавіч) (н. 25.8.1935, г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). Працаваў настаўнікам, з 1960 выкладае ў ВНУ, з 1982 заг. кафедры БДУ. У 1984—94 гал. рэдактар серыі «Весніка БДУ». Даследуе сац.-эканам. і паліт. гісторыю Беларусі, праблемы грамадскіх рухаў і паліт. партый, гісторыю Вял. Айч. вайны. Адзін з аўтараў навук. дапаможнікаў «Палітычная гісторыя XX ст.» (1990), «З гісторыі палітычных партый» (1993), «Праграмныя дакументы палітычных партый» (1994).

Тв.:

В труде воспитывается человек будущего. Мн., 1963;

На галоўным напрамку. Мн., 1971;

Рост трудовой активности рабочего класса. Мн., 1976.

т. 8, с. 425

КО́РШУН (Леанард Іванавіч) (4.7.1932, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.4.1995),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1988). Скончыў БПІ (1956), дзе і працаваў (з 1977 прарэктар). З 1980 рэктар Брэсцкага політэхн. ін-та. Навук. працы па матэм. мадэлях, метадах і алгарытмах аптымізацыі стрыжнёвых канструкцый ва ўмовах рэальнага праектавання і вывучэнні заканамернасцей іх напружана-дэфармаванага стану пры сілавых уздзеяннях.

Тв.:

Строительная механика Мн., 1986 (разам з Я.П.Доўнарам).

т. 8, с. 425