Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІРЧО́ЎНІК

(Conioselinum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ў лясных раёнах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдка ў паўн. і ўсх. раёнах трапляецца гірчоўнік татарскі, або похвенны (С. tataricum). Расце ў лісцевых лясах і хмызняках, у далінах невял. рэк. Патрабуе аховы.

Шматгадовыя голыя травяністыя расліны з прамастойным, каленчата-сагнутым у вузлах, уверсе разгалінаваным цыліндрычным сцяблом з шызым налётам, выш. да 150 см. Ніжняе лісце чаранковае, двойчы-тройчыперыстарассечанае, верхняе сядзячае, больш дробнае. Кветкі белыя, дробныя, у складаных парасоніках. Плод — голы, бліскучы віслаплоднік.

Дз.І.Траццякоў.

т. 5, с. 263

ГІРШФЕ́ЛЬДЫЯ

(Hirschfeldia),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (Н. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.

Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 264

ГІРЫ́Н,

Цзілінь, правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц.г. Чанчунь. Паўд.-ўсх. ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 264

ГІРЫ́Н,

Цзілінь, горад на ПнУ Кітая ў правінцыі Гірын. Засн. ў 1673. Каля 1,5 млн. ж. (1994). Порт на р. Сунгары. Вузел чыгунак і аўтадарог. Культ. і навук. цэнтр. Прам-сць: хім. (угнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, хім. валокны), дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, алюм., маш.-будаўнічая.

т. 5, с. 264

ГІРЭ́І,

Гіраі, дынастыя крымскіх ханаў з сярэдзіны 15 ст. да 1783. Вялі радаслоўную ад Чынгісхана. Першы крымскі хан Хаджы-Гірэй захапіў уладу ў 1443 пры падтрымцы вял. князя ВКЛ Казіміра IV і татарскіх крымскіх князёў з роду Шырын. Крымскае ханства стала незалежным ад Залатой Арды. Хаджы-Гірэй падтрымліваў сяброўскія адносіны з Казімірам IV, мірныя ўзаемадачыненні з Маскоўскай дзяржавай, імкнуўся забяспечыць сваю незалежнасць ад Турцыі. Пасля смерці Хаджы-Гірэя ў 1466 у выніку працяглай барацьбы ханам стаў яго малодшы сын Менглі-Гірэй (панаваў да 1515 з 2 невял. перапынкамі). У 1475 Крымскае ханства трапіла ў васальную залежнасць ад Турцыі, турэцкія султаны прызначалі ханаў выключана з роду Гірэяў. У 15—17 ст. Гірэі арганізоўвалі рабаўнічыя паходы на суседнія краіны. Апошні крымскі хан Шагін-Гірэй пад прымусам рас. ўрада ў лют. 1783 адмовіўся ад трона, а Крымскае ханства далучана да Расіі.

І.Б.Канапацкі.

т. 5, с. 264

ГІСА́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кіргізіі, Таджыкістане і Узбекістане. На Пд абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 150 км. Яго зах. і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хр. і Гісарскі хрыбет, усх. ч. — Алайскі хр. з паўн. перадавымі ланцугамі. Пераважаюць выш. каля 5000 м, макс. выш. да 5621 м (пік Ігла). Гал. грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўн. ланцугах Алтайскага і Туркестанскага хр. і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найб. ледавік Зераўшанскі даўж. 25 км у горным вузле Матча). Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю. Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да бас. Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал. Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.

т. 5, с. 264

ГІСА́РСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная ўпадзіна ў сістэме Гісара-Алая, у Таджыкістане, паміж паўд. ускраінай Гісарскага хр. і паўн. ўскраінамі гор Бабатаг, Каратау і інш. Даўж. каля 115 км, шыр. да 20 км, выш. ад 700 да 1000 м. Арашаецца р. Кафірніган з прытокамі і водамі Вял. Гісарскага канала. Пасевы бавоўніку, кунжуту, пшаніцы. Садоўніцтва. На схілах гор да выш. 1200—2000 м субтрапічныя стэпы, хмызнякі і шыракалістыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. У Гісарскай даліне — г. Душанбе.

т. 5, с. 264

ГІСА́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак, грубашэрсная, курдзючная, мяса-сальнага кірунку. Выведзена ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найбуйнейшая сярод мяса-сальных парод. Гадуюць у Таджыкістане і Узбекістане. Выкарыстоўваюць пры скрыжаванні з інш. курдзючнымі авечкамі.

Канстытуцыя моцная, з шырокімі і глыбокімі грудзямі, з высунутай уперад грудной косцю. Галава масіўная, гарбаносая, з падоўжанымі абвіслымі вушамі. На крыжавых касцях ляжыць вял. курдзюк, дзе адкладваецца тлушч. Бараны і авечкі бязрогія, скараспелыя. Масць пераважна цёмна-бурая, розных адценняў. Жывая маса бараноў 130—140 (зрэдку да 190) кг, матак 70—80 (зрэдку да 120) кг. Цэніцца мяса і асабліва сала курдзюка. Воўна грубая, выкарыстоўваецца на выраб кашмы і лямцу.

т. 5, с. 264

ГІСА́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

у сістэме Гісара-Алая, ва Узбекістане і Таджыкістане, водападзел басейнаў рэк Зераўшан і Амудар’я. Даўж. каля 200 км. Выш. да 4643 м. Складзены пераважна з крышт. парод, сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. У цэнтр. ч. воз. Іскандэркуль (на выш. 2176 м). На схілах стэпы, дрэвава-хмызняковая расліннасць, субальпійскія лугі, нагорныя ксерафіты, альпійскія нізкатраўныя лугі. Запаведнікі Гісарскі і Раміт.

т. 5, с. 265

ГІСТА...

(ад грэч. histos тканка),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да тканак жывёльнага арганізма, напр., гісталогія, гістагенез.

т. 5, с. 265