Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́СЯЦАВЫЯ ЗАЦЬМЕ́ННІ,

гл. ў арт. Зацьменні.

т. 10, с. 301

МЕ́СЯЦАВЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 10, с. 301

МЕ́СЯЦАВЫ КАЛЯНДА́Р,

гл. ў арт. Каляндар.

т. 10, с. 301

МЕ́СЯЦАВЫ КА́МЕНЬ,

спажывецкая назва некаторых разнавіднасцей светлаафарбаваных палявых шпатаў, якім уласціва апалесцэнцыя або серабрыста-сіняватая ірызацыя. Эфектам М.к. валодаюць асобныя рознасці паўпразрыстага адуляру, плагіяклазу (напр., т.зв. «беламарыт»), зрэдку мікракліну. Трапляецца ў пегматытах. Лепшыя ўзоры ірызуючага плагіяклазу паходзяць са скальных агаленняў Кій-вострава на Белым моры. Каштоўны вырабны камень.

т. 10, с. 301

МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,

месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.

Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс. м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.

Літ.:

Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.

т. 10, с. 301

МЕСЯЦАХО́Д,

гл. Месяцавы самаходны апарат.

т. 10, с. 301

МЕ́СЯЦЫ-РЫ́БЫ (Molidae),

сямейства рыб атр. іголкабрухападобных. 3 роды (Masturus, Mola, Ranzania), 4 віды. Жывуць пераважна ў трапічных і субтрапічных водах адкрытага акіяна. Маларухомыя.

Даўж. да 3 м і больш, маса да 1,4 т. Цела высокае, сціснутае з бакоў, без хваста; нагадвае дыск месяца (адсюль назва). Функцыю хваста выконваюць заднія ч. спіннога і анальнага плаўнікоў. Скура тоўстая, эластычная, з касцянымі бугаркамі або пласцінкамі. Зубы злітыя ў пласціны. Кормяцца ракападобнымі, кальмарамі, дробнай рыбай і інш.

Месяц-рыба.

т. 10, с. 301

МЕТА... (ад грэч. meta за, паміж, пасля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае пераход да чаго-небудзь інш., змену стану, ператварэнне (напр., метагенез, метамарфоза).

т. 10, с. 301

МЕ́ТА (Meta),

рака ў Калумбіі (у нізоўях служыць мяжой паміж Калумбіяй і Венесуэлай), левы прыток р. Арынока. Даўж. больш за 1000 км, пл. басейна 104 тыс. км². Вытокі ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна па раўнінах Льянас-Арынока. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Бурныя летнія паводкі. Ніжэй г. Пуэрта-Лопес суднаходная. Найб. гарады: Пуэрта-Карэньё (у вусці) і Аракуэ.

т. 10, с. 301

МЕТАБАЛІ́ЗМ,

гл. ў арт. Абмен рэчываў.

т. 10, с. 302