Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫЯФІ́ЛЬМ (ад дыя... + фільм),

кароткаметражны фільм, які складаецца з чорна-белых ці каляровых статычных дыяпазітываў на кінаплёнцы, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці і аб’яднаных агульным сюжэтам. 50—70 кадраў. Ёсць агучаныя Д. Выкарыстоўваюцца ў навуч. працэсе, у лекцыйнай рабоце. Дэманструюць іх з дапамогай фільмаскопа ці дыяпраектара.

т. 6, с. 318

ДЫЯФРА́ГМА (ад дыя... + грэч. phragma перагародка),

грудабрушная перапона, сухажыльна-мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной у млекакормячых жывёл і чалавека. Д. наз. таксама некат. мышцы ці групы мышцаў, што абмяжоўваюць якую-н. поласць: Д. рота, утвораная сківічна-пад’язычнай мышцай, Д. таза, мочапалавая Д. і інш.

т. 6, с. 319

ДЫЯФРА́ГМА,

дэталь машын, прылад, апаратаў, збудаванняў у выглядзе сценкі або пласціны (з адтулінай ці суцэльная). У некаторых прыладах Д. наз. мембранай. 1) Д. вымяральная — дыск з адтулінай; адно са стандартных звужвальных прыстасаванняў. Выкарыстоўваецца пры вымярэнні расходу вадкасцей, газаў і пары, якія працякаюць па трубаправодзе.

2) Д. канструкцыі — суцэльны або рашотчаты элемент прасторавай канструкцыі для павелічэння яе жорсткасці. Выкарыстоўваецца ў танкасценных канструкцыях, каркасна- і буйнапанэльных збудаваннях і інш. 3) Д. плаціны — проціфільтрацыйная верт. сценка ўнутры цела земляной ці каменна-накідной плаціны. Вырабляецца з бетону, жалезабетону, металу, пластмас або драўніны.

4) Д. ў оптыцы — элемент аптычнай сістэмы ў выглядзе перагародкі, якая абмяжоўвае папярочнае сячэнне светлавых пучкоў. Вызначае апертуру, поле зроку, глыбіню рэзка адлюстраванай прасторы і інш., уплывае на аберацыі аптычных сістэм і раздзяляльную здольнасць сістэмы. Адрозніваюць Д. апертурную (вызначае памеры светлавых пучкоў, што праходзяць праз сістэму) і палявую (памеры прасторы прадметаў, што адлюстроўваюцца сістэмай). Д. перад аб’ектывам кіна- ці фотаапарата наз. святлоахоўнай блендай.

Дыяфрагма ірысавая фатаграфічная: 1 — рухомае кальцо; 2 — пялёстак; 3 — вядучы штыфт; 4 — святлопранікальная адтуліна.

т. 6, с. 319

ДЫЯХРАНІ́Я (ад дыя... + грэч. chronos час),

1) змены, што адбываюцца на працягу часу ў моўнай сістэме, на асобных узроўнях мовы, а таксама ў іх падсістэмах і адзінках.

2) Лінгвістычнае вывучэнне працэсаў такіх змен, а таксама гіст. развіцця моўнай сістэмы ў цэлым. Дыяхранічнае мовазнаўства даследуе законы існавання і функцыянавання мовы ў часе і прасторы, што істотна для разумення як агульнай прыроды мовы, так і прычын, што абумовілі яе стан на пэўным гіст. этапе. Паслядоўнае размежаванне Д. і сінхраніі (а таксама самі тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам. Асн. раздзелы дыяхранічнага мовазнаўства: параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, гіст. граматыка і лексікалогія, этымалогія, гісторыя літ. мовы, дыяхранічная тыпалогія моў.

Літ.:

Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Тр. по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 6, с. 319

ДЫ́ЯШ, Дыяш ды Наваіш [Dias (Diaz) de Novaes] Барталамеу (каля 1450—29.5.1500), партугальскі мараплавец. У 1487 узначаліў экспедыцыю, якая шукала марскі шлях у Індыю. Даследаваў паўд.-зах. ўзбярэжжа Афрыкі паміж 22° і 33° паўд. ш. Першы з еўрапейцаў абагнуў Афрыку з Пд. Прайшоў уздоўж паўд. берага Афрыкі да бухты Алгоа, але быў вымушаны па патрабаванні каманды павярнуць у Партугалію; на зваротным шляху адкрыў мыс Добрай Надзеі (1488). У 1500 прымаў удзел у экспедыцыі П.​А.​Кабрала, загінуў недалёка ад мыса Добрай Надзеі.

т. 6, с. 319