Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КО́РНЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Густатка, за 18 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 0,28 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 380 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 3,5 км². Схілы катлавіны вы ш. 2—4 м, пераважна пад хмызняком, на Пн разараныя. На З выцякае р. Корынка.

т. 8, с. 421

КО́РПУС (ад лац. corpus цела, адзінае цэлае),

1) тулава чалавека, жывёліны.

2) Каркас судна.

3) Асн. частка машыны, механізма, прылады, апарата, у якую манціруюцца інш. дэталі.

4) Адно з некалькіх збудаванняў, размешчаных на агульнай дзялянцы; ізаляваная частка вял. збудавання.

5) Паліграф. шрыфт, кегль (памер) якога роўны 10 пунктам (каля 3,76 мм).

6) К. дыпламат.гл. Дыпламатычны корпус.

7) У дарэв. Расіі некаторыя ваен. сярэднія навуч. ўстановы закрытага тыпу, напр., кадэцкі К., марскі К. 8) К. жандараў — гл. Жандармерыя.

т. 8, с. 421

КО́РПУС (ваен.),

вышэйшае тактычнае або аператыўна-тактычнае злучэнне (аб’яднанне) узбр. сіл многіх дзяржаў.

Складаецца з некалькіх тактычных злучэнняў (дывізій, брыгад), часцей (палкоў і інш.), а таксама органаў кіравання. Бываюць К. сухапутных войск, ППА, механізаваныя, танк., авіяц., артыл. і інш. На тэр. Рэспублікі Беларусь размешчаны 3 армейскія К. (5, 28, 65-ы; узбр. сілы) і К. аховы грамадскага парадку (унутр. войскі).

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 8, с. 421

КО́РПУС-КРЫ́СТЫ (Corpus Christi),

горад на Пд ЗША ў штаце Тэхас. Засн. ў 1838. Каля 360 тыс. ж. (1990, з прыгарадамі). Трансп. вузел. Аэрапорт. Марскі порт пры ўпадзенні р. Нуэсес у Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў). Цэнтр здабычы і перапрацоўкі нафты і прыроднага газу. Нафтахім. прам-сць, вытв-сць нафтавага абсталявання. Выплаўка алюмінію і цынку. Ун-т. Прыморскі клімат, курорт.

т. 8, с. 421

КО́РПУС ДОБРААХВО́ТНІКАЎ СВАБО́ДЫ,

аб’яднанне партыз. сіл Руху Супраціўлення ў акупіраванай ням.фаш. войскамі Італіі ў 2-ю сусв. вайну. 9.6.1944 у г. Мілан па ініцыятыве кампартыі пры К-це нац. вызвалення (КНВ) Паўн. Італіі ўтворана аб’яднанае камандаванне К.д.с. з прадстаўнікоў антыфаш. партый на чале з камуністам Л.Лонга, членам Партыі дзеяння Ф.​Пары і беспартыйным ген. Р.​Кадорна. 29.3.1945 КНВ Паўн. Італіі ператварыў партыз. фарміраванні К.д.с. (150 тыс. чал.) на беспарт. аснове ў адзіную армію (104 дывізіі, 52 брыгады) на чале з галоўнакамандуючым Кадорна (намеснікі Лонга і Пары). У крас. 1945 часці К.д.с. вызвалілі большасць гарадоў Паўн. Італіі. Расфарміраваны пасля завяршэння Італьянскай кампаніі 1943—45.

т. 8, с. 421

КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),

дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач. паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.​Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.​Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 421

КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.​Мікулік.

т. 8, с. 422

КО́РСАКАС ((Korsakas) Костас) (5.10.1909, в. Пашвіцініс Пакруайскага р-на, Літва — 24.11.1986),

літоўскі літ.-знавец, паэт. Нар. пісьменнік Літвы (1979). Акад. АН Літвы (1949). Д-р філал. н. (1965). Засл. дз. нав. Літвы (1959). Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1931—40). У 1946—84 дырэктар ін-таў літ. л-ры, літ. мовы і л-ры АН Літвы. У 1944—57 выкладаў у Вільнюскім ун-це (з 1948 праф.). Друкаваўся з 1925. Аўтар літ.-знаўчых прац «Пісьменнікі і кнігі» (1940), «Літаратура і крытыка» (1949), «Дружба літаратур» (1962), «Волат латышскай літаратуры» (пра А.​Упіта, 1967). Гал. рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі літоўскай літаратуры» (т. 1—4, 1957—68; Дзярж. прэмія Літвы 1969), у якой адзначаны і бел.-літ. ўзаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выдаў паэт. зб-кі «Закон барацьбы» (1943), «Жніво» (1969), «Лістапад» (1979). Аўтар артыкулаў, успамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Лынькова («Янка Купала і літоўская літаратура», 1952; «Якуб Колас і Літва», «Блізкі нам голас», абодва 1962; «Друг літоўскай літаратуры», 1979). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Х.​Жычка, П.​Панчанка, А.​Разанаў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Галасы сяброў. Мн., 1958;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс, 1953;

Стихи. Вильнюс, 1976.

А.​В.​Мальдзіс.

К.Корсакас.

т. 8, с. 422

КО́РСАКАЎ (Дзмітрый Аляксандравіч) (22.7.1843, Масква — 1920),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Рас. АН (1917; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1905), праф. (1881). Скончыў Казанскі ун-т (1814). Працы па гісторыі Растова-Суздальскай зямлі, рас. дваранства 18 ст., артыкулы пра рас. гісторыкаў К.​Дз.​Кавеліна, М.​І.​Кастамарава, К.​М.​Бястужава-Руміна і інш.

т. 8, с. 422

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.​Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.​Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422