Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫБУНА́Л СКАРБО́ВЫ,

адм. і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая кантралявала даходы і выдаткі дзярж. скарбу, разглядала справы аб нявыплаце падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 скарбовай камісіі ВКЛ, у склад якой увайшоў вял. падскарбі, 4 сенатары і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя сенатараў і соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ пачынаючы з 1591. Сойм 1613 у Вільні стварыў з тымі ж функцыямі Т.с., якому было даручана сабраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад Т.с. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў. У часы праўлення Жыгімонта III Т.с. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1635 і 1647. Засядаў Т.с. ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел і прадстаўнікі войска. Т.с. разглядаў суд. справы, што датычылі войска, скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу па сваіх грашовых даходах і выдатках. У 1726 пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Т.с. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Т.с. скасаваны ў 1764 з утварэннем Камісіі скарбовай ВКЛ.

Літ.:

Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.

т. 15, с. 543

«ТРЫБУ́НА МАСТА́ЦТВА»,

бел. тэатральна-маст. ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лют.—чэрв. 1925 у Мінску Цэнтр. праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем маст. творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літ.-маст. крытыкі з нар. масамі, распрацоўка эстэт. прынцыпаў бел. мастацтва, выяўленне ў ім нац. стылю, развіццё маст. самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні маст. творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-маст. ўзровень творчасці тэатр. і муз. калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўл. і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё бел. культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на бел. мастацтва толькі як на этнаграфічнае, засн. на стылізацыі фалькл. тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыяліст. мастацтва. Часопіс знаёміў з бел. л-рай, адзначыў юбілеі А.​Гурло, Е.​Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асн. маст. падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я.​Барычэўскі, С.​Вальфсон, Ю.​Дрэйзін, Я.​Дыла, З.​Жылуновіч, М.​Каспяровіч, Міровіч, М.​Шчакаціхін і інш. Выйшла 14 нумароў.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 543

ТРЫБУ́НЫ ВАЕ́ННЫЯ (лац. tribuni militum),

у Старажытным Рыме камандныя пасады ў арміі (камандзіры атрадаў у легіёнах і саміх легіёнаў). У кожным легіёне было па 6 Т.в.: 1 з сенатараў, 5 з коннікаў. Паміж 444 і 367 да н.э. для плебеяў была ўведзена пасада Т.в. з консульскай уладай з мэтай не дапусціць плебеяў да кансулату. Пасля 367 да н.э., калі адзін з консулаў стаў выбірацца з ліку плебеяў, Т.в. скасаваны.

А.​Г.​Зелккі.

т. 15, с. 543

ТРЫБУ́НЫ НАРО́ДНЫЯ, трыбуны плебейскія (лац. tribuni plebis),

у Старажытным Рыме вышэйшыя выбарныя (з 494 да н.э.) службовыя асобы з плебеяў. Валодалі правам умяшання ў дзеянні патрыцыянскіх магістратаў (акрамя дыктатара) і сената; маглі забараніць іх пастановы (права veto). Т.н. складалі калегію з 2—10 асоб, якіх выбіралі на плебейскіх сходах на 1 год. Асоба Т.н. лічылася свяшчэннай і недатыкальнай. Т.н. выступалі ініцыятарамі агр. законаў і дэмакр. пераўтварэнняў. З дзейнасцю трыбунаў Тыберыя і Гая Гракхаў, напр., звязаны найвыш. ўздым дэмакр. руху ў Рыме. У эпоху імперыі Т.н. фармальна захаваліся, але страцілі рэальнае значэнне, паколькі носьбітамі трыбунскай улады з часоў Цэзара сталі імператары.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 543

ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў,

уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.

У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна ​1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл. Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.

Літ.:

Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;

Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 15, с. 543

ТРЫВА́ННЕ ДЗЕЯСЛО́ВА,

лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.

У бел. і інш. слав. мовах вылучаюць 2 віды Т.дз.: незакончанае. якое выражае працягласць. паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу («жыву, жыў, буду жыць») і закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння. адзін з момантаў яго працякання («пражыў, пражыву»). Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары («вучыць — вывучыць», «жаць — зжаць»). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання) або імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання). Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак («вячэраць — павячэраць») і суфіксаў («натхніць — натхняць»), чаргавання гукаў у словах («збіраць — сабраць», змены месца націску («накіда́ць — накі́даць»), суплетывізму асноў («гаварыць — сказаць»). Большасць дзеясловаў бел. мовы парныя паводле трывання («рабіць — зрабіць», «спазняцца — спазніцца»). Есць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага («залежаць», «паважаць») або закончанага («абнародаваць», «схамянуцца»). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некат. дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага Т.дз. супадае ў адной форме («атакаваць», «сігналізаваць»). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі. З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія. Мн., 1997.

Т.​Л.​Бандарэнка.

т. 15, с. 544

ТРЫВІЯ́ЛЬНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

гл. Масавая літаратура.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ НІВЕЛІ́РАВАННЕ,

геадэзічнае нівеліраванне, метад вызначэння рознасці вышынь (перавышэнняў) пунктаў на зямной паверхні. Пры Т.н. вымяраюць вуглы нахілу ν і даўжыні нахіленай лініі візіравання S або яе праекцыі s на гарызантальную плоскасць.

Перавышэнне h вылічваюць паводле формулы: h = s ∙ tg ν + ( 1 − k ) s2 / 2 R , дзе k — каэфіцыент рэфракцыі, R — радыус Зямлі як шара. На кароткія адлегласці выкарыстоўваецца формула: h = s ∙ tg ν + i − V , дзе i — вышыня прылады, V — вышыня візіравання. Для вымярэння вуглоў выкарыстоўваюць геад. прылады: кіпрэгель, тахеометр, тэадаліт; адлегласцей — рулеткі, аптычныя дальнамеры і інш. Т.н. выкарыстоўваецца пры топагеадэзічных работах на мясцовасці і маркшэйдэрскіх здымках у горных выпрацоўках, нахілы якіх большыя за 8°.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Трыганаметрычнае нівеліраванне: i — вышыня прылады; V — вышыня візіравання; n — рознасць вышынь (перавышэнне) паміж пунктамі A і B; S — лінія візіравання; s — гарызантальная праекцыя лініі візіравання; ν — вугал нахілу візірнага праменя.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне адносна трыганаметрычных функцый ад невядомага аргумента. Для рашэння Т.ў. на аснове суадносін паміж трыганаметрычнымі функцыямі яго зводзяць да ўраўнення адносна адной з іх. Пасля чаго карані Т.ў. атрымліваюць з дапамогай адваротных трыганаметрычных функцый.

т. 15, с. 544

ТРЫГАНАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

клас элементарных функцый, да якога адносяць функцыі сінуса (sin), косінуса (cos), тангенса (tg), катангенса (ctg), секанса (sec) і касеканса (cosec). Графікі Т.ф. перыядычныя, прычым графікі tg і ctg маюць перыяд π, астатнія — 2π.

Узніклі ў сувязі з даследаваннямі ў астраноміі і геаметрыі. Суадносіны паміж адрэзкамі трохвугольніка і акружнасці сустракаюцца ў 3 ст. да н.э. ў працах Эўкліда, Архімеда, Апалонія Пергскага і інш. матэматыкаў Стараж. Грэцыі. Т.ф. разглядаліся як адрэзкі і ў такой форме выкарыстоўваліся Арыстархам, Гіпархам, Пталамеем і Менелаем (1 ст. да н.э.) пры рашэнні сферычных трохвугольнікаў (гл. Сферычная трыганаметрыя). Раскладанне Т.ф. у ступенныя шэрагі атрымаў І.Ньютан (1669). Сучасную форму тэорыі Т.ф. надаў Л.Эйлер. Яму належаць таксама вызначэнне Т.ф. для сапраўдных і камплексных аргументаў, сімволіка. сувязі з паказнікавай функцыяй (гл. Эйлера формулы), артаганальнасць сістэмы сінусаў і косінусаў, формулы раскладання сінуса і косінуса ў бясконцыя здабыткі, катангенса — на элементарныя дробы. Т.ф. сапраўднага аргумента разглядаюць з дапамогай акружнасці адзінкавага радыуса (трыганаметрычнага круга), зададзенай на каардынатнай плоскасці. Вугал вымяраецца ў градусах або радыянах (радзей градах), можа змяняцца ў межах ад -∞ да +∞ і лічыцца дадатным, калі ён адлічаны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі. Для вострых вуглоў Т.ф. вызначаюцца таксама праз суадносіны паміж. старанамі прамавугольнага трохвугольніка. Суадносіны паміж Т.ф. вызначаюцца формуламі: tg x = sin x cos x , ctg x = cos x sin x , cosec x = 1 sin x , sec x = 1 cos x ; паміж Т.ф. і гіпербалічнымі функцыямі ад уяўнага аргумента — формуламі: sin z = −i   sh   iz , cos z = −i   ch   iz , tg z = −i   th   iz . Т.ф. камплекснага аргумента z = x + iy , дзе х i y — сапраўдныя лікі, можна выразіць праз трыганаметрычныя і гіпербалічныя функцыі, напр., sin ( x + iy ) = sin x ch y + icos x sh y . Існуюць таксама формулы. якія даюць магчымасць знайсці выразы Т.ф. вял. аргументаў. палавінных, падвойных і кратных (гл. Муаўра формула) значэнняў аргумента, выразіць здабытак Т.ф. праз іх суму і інш. Вытворныя Т.ф. выражаюцца праз Т.ф., напр., ( sin x )′ = cos x , ( cos x )′ = −sin x , першаісныя — праз Т.ф. ці іх лагарыфмы, напр., для sinx і tgx першаісныя адпаведна −cosx і lnsecx. Раскладанне Т.ф. ў ступенныя шэрагі выкарыстоўваецца пры набліжаным вылічэнні іх значэнняў. напр., з дакладнасцю да 0,0003 cos x = 1 − x2 2! + x4 4! пры 0 < x < π/4, а таксама пры вызначэнні Т.ф. ад камплексных пераменных. Т.ф. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі. напр., для апісання перыядычных (у т. л. вагальных) працэсаў.

А.​А.​Гусак.

Сувязь трыганаметрычных функцый вострага вугла: 1 — са старанамі прамавугольнага трохвугольніка (sinα = a/c, cosα = b/c, tgα = = a/b, ctgα = b/a, secα = c/b, cosecα = c/a); 2 — з адрэзкамі, звязанымі з акружнасцю адзінкавага радыуса (sinα = AB, cosα = OB, tgα = CD, ctgα = EF, secα = OC, cosecα = OF, I—IV — чвэрці).
Графікі трыганаметрычных функцый: 1 — y = sinx; 2 — y = cosx; 3 — y = tgx, 4 — y = ctgx; 5 — y = secx; 6 — y = cosecx.

т. 15, с. 544