Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,

асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 522

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

ЗА́МЕНГОФ ((Zamenhof) Людвік Лазар) (27.12.1859, г. Беласток, Польшча — 27.4.1917),

польскі ўрач-акуліст, стваральнік эсперанта. Вучыўся ў Варшаве, Маскве і Вене. У 1893—97 жыў у г. Гродна. У 1887 выдаў (пад псеўд. D-ro Esperanto) праект штучнай дапаможнай міжнар. мовы, спадзеючыся, што яна дапаможа ў справе ўзаемаразумення паміж народамі. Пазней апубл. слоўнікі эсперанта, хрэстаматыі і асобныя выданні сваіх арыгінальных твораў, а таксама пераклады на эсперанта сусв. маст. класікі.

т. 6, с. 523

ЗА́МЕЦЬ,

перанос снегу ветрам непасрэдна над паверхняй снегавога покрыва; разнавіднасць мяцеліцы.

т. 6, с. 523

ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),

зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.

т. 6, с. 523

ЗАМІРА́ННЕ РАДЫЁСІГНА́ЛУ, федынг,

змяншэнне інтэнсіўнасці радыёсігналу ў пункце яго прыёму. Абумоўлена зменамі эл. уласцівасцей атмасферы, а таксама інтэрферэнцыяй радыёхваль, што прыйшлі ў пункт прыёму па розных напрамках (гл. Інтэрферэнцыя хваль, Распаўсюджванне радыёхваль). З.р. прадухіляюць з дапамогай аўтам. рэгуліроўкі ўзмацнення, прыёму на некалькі разнесеных антэн і інш.

т. 6, с. 523

ЗАМІ́Р’Е,

назва чыг. ст. Гарадзея ў пач. 20 ст.

т. 6, с. 523

ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,

найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км². Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.​Міцкевіча насыпаны курган.

т. 6, с. 523

Замкавы Лес

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗА́МКАВЫ СУД,

гл. ў арт. Гродскі суд.

т. 6, с. 523