ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,
абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ РЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. і на Украіне, правы прыток р. Маларыта (бас. Зах. Буга). Даўж. 24,5 км, у межах Беларусі 23,5 км. Пл. вадазбору 160 км². Пачынаецца з воз. Крымна (Украіна), у межах Маларыцкага р-на выкарыстоўваецца як водапрыёмнік і крыніца арашэння меліярац. сістэмы «Вір». Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ ТАЙМЫ́РА,
рака на п-ве Таймыр, у Расіі Даўж. 567 км, пл. бас. 50,4 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Быранга, упадае ў воз. Таймыр. Сярэдні расход вады каля 430 м³/с. У бас. Верхняй Таймыры — Таймырскі запаведнік.
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ ТО́ШЧЫЦА,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 32 км на Пд ад г. Быхаў, 83 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Тошчыца. 165 ж., 73 двары (1995).
т. 4, с. 112
ВЕ́РХНЯЯ ТУНГУ́СКА,
былая назва р. Ангара ў ніжнім цячэнні.
т. 4, с. 112
ВЕРЦЫНГЕ́ТАРЫГ,
Верцынгетарыкс (Vercingetorix; каля 85—46 да н.э.), правадыр гальскага племя арвернаў. У 52 да н.э. ўзначаліў паўстанне ў Галіі супраць Рыма. У бітве з войскамі Цэзара каля Герговіі (сучасны Жэргаві, Францыя) паўстанцы атрымалі перамогу, але былі акружаны ў крэпасці Алезія і пасля працяглай галоднай аблогі перабіты. Верцынгетарыг трапіў у палон, быў перавезены ў Рым і пакараны смерцю.
т. 4, с. 112
ВЕРЦЯЛІ́ШКІ,
вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс». За 13 км на У ад г. Гродна, 8 км да чыг. ст. Аульс. 3108 ж., 1042 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Верцялішкі». Школы сярэдняя і мастацтваў, 2 б-кі, Дом культуры, басейн, стаматалагічная паліклініка, цэнтр дыягностыкі захворванняў, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў.
Адзін з буйнейшых на Беларусі добраўпарадкаваных аграрна-прамысл. пасёлкаў. Забудоўваецца паводле генплана 1967 (БелНДІП-дзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш.). Арх.-планіровачную структуру вызначаюць вул. Маладзёжная (уздоўж шашы Гродна—Астрына) і Юбілейная (ідзе ў зону індывідуальных жылых дамоў). Цэнтр кампазіцыі — прамавугольная ў плане плошча, забудаваная 1-, 2-, 3-павярховымі дамамі, дзе размешчаны грамадска-адм. і культ.-гандл. ўстановы. У цэнтры — дэкар. вадаём з фантанам. Ансамбль завяршае 4-павярховы жылы дом. Усе грамадскія і жылыя (2-павярховыя 4- і 8-кватэрныя, 1—2-кватэрныя ў 2 узроўнях, 4—5-павярховыя) будынкі пастаўлены па эксперым. і палепшаных тыпавых праектах. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаны малыя арх. формы, дэкар. дрэвы, газоны, кветнікі і інш. Вытв. зона — у паўн.-зах. ч. вёскі. За распрацоўку праекта і забудову вёскі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971. Паводле генплана 1988 (арх. Емяльянаў, Т.Галіёта) прадугледжана развіццё Верцялішак з процілеглага боку аўтадарогі Гродна—Астрына.
т. 4, с. 112
ВЕРШ
(лац. versus),
1) тое, што і вершаваная мова.
2) Невялікі лірычны або ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай. У вершы звычайна выяўляюцца адносіны аўтара да розных падзей і з’яў жыцця. Паэзія выпрацавала цэлую сістэму вершаваных жанраў (балада, ода, эпіграма, элегія і інш.). Багаты і разнастайны верш і па форме. У ім выкарыстоўваюцца розныя віды рытмікі, гукавой арганізацыі (гл. Фоніка, Рыфма), архітэктонікі (гл. Строфіка), паэтычнага сінтаксісу, тропаў, ён мае своеасаблівую інтанацыю, кампазіцыйныя сродкі (гл. Кампазіцыя). У бел. літаратуры вершаваныя творы з’явіліся на пач. 16 ст. ў Ф.Скарыны. Спачатку вершам называлі 2-радкоўі, змацаваныя рыфмамі, пасля — любы твор, напісаны вершаванай мовай. Існуе і верш у прозе.
Літ.:
Гл. пры арт. Вершаскладанне.
В.П.Рагойша.
т. 4, с. 112
ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА,
верш, асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
т. 4, с. 113