ПОРТ-АРТУ́РА АБАРО́НА,
баявыя дзеянні рас. сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз. яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс. чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс. чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж. нач. сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.М.Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс. рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс. чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.М.Смірноў, В.В.Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.А.Квіткін, І.М.Лівотаў, А.А.Нішчанкоў, У.А.Свіньін, Б.Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.А.Румак і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг. М., 1977;
Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.
А.М.Лукашэвіч, В.А.Юшкевіч.
т. 12, с. 513
ПОРТ-ВІ́ЛА,
горад, сталіца дзяржавы Вануату ў Ціхім акіяне; гл. Віла.
т. 12, с. 513
ПОРТ-ЖАНТЫ́ЛЬ (Port Gentil),
горад у Габоне. Адм. ц. правінцыі Прыморскае Агаве. Каля 180 тыс. ж. (2000). Асн. марскі порт краіны (гал. ч. вываз нафты і драўніны). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., дрэваапр. (лесапільная, фанерная), харч., суднабудаўнічая. У раёне П.-Ж. здабыча нафты і прыроднага газу.
т. 12, с. 513
ПОРТ-ЛУІ́ (Port Louis),
горад, сталіца дзяржавы Маўрыкій, на ПнЗ в-ва Маўрыкій. Адм. ц. акругі Порт-Луі. Засн. ў 1736. 145,8 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны. Вузел аўтадарог. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., хім. (з-д штучных угнаенняў), харчасмакавая (цукр., алейная, тытунёвая). Ун-т. Музеі: горада, гіст., маст. галерэя. Стараж. форт «Адэлаіда» і цытадэль. Цэнтр турызму.
т. 12, с. 513
ПОРТ-МО́РСБІ (Port Moresby),
Морсбі, горад, сталіца дзяржавы Папуа—Новая Гвінея. Знаходзіцца на паўд. узбярэжжы в-ва Новая Гвінея. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Гал. паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Пераважае харч. і харчасмакавая прам-сць (апрацоўка кавы, какавы, какосавых арэхаў). Перапрацоўка каўчуку. Ун-т. Нац. музей.
т. 12, с. 514
ПОРТ-ОФ-СПЕЙН (Port of Spain),
горад, сталіца дзяржавы Трынідад і Табага. Знаходзіцца на ПнЗ в-ва Трынідад. Засн. іспанцамі ў 18 ст. на месцы індзейскага паселішча. 43,4 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапр., тэкст., харч., цэм., буд. матэрыялаў, суднабудаўнічая. Асобныя ф-ты Вест-Індскага ун-та. Нац. музей і маст. галерэя. Парк Саванна. Турызм.
т. 12, с. 514
ПОРТ-О-ПРЭНС (Port-au-Prince),
горад, сталіца дзяржавы Гаіці, на З в-ва Гаіці. Засн. ў 1749. 1769 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Гал. порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цукр., вінна-гарэлачная (вытв-сць рому), тытунёвая, тэкст., цэментная. Ун-т. Музеі: народаў Гаіці, Нацыянальны, Маст. цэнтра.
т. 12, с. 514
ПОРТ-САІ́Д,
горад на ПнУ Егіпта, на ўзбярэжжы Міжземнага м., каля паўн. ўвахода ў Суэцкі канал. Адм. ц. мухафазы Порт-Саід. Засн. ў 1859 пры буд-ве Суэцкага канала. Каля 500 тыс. ж. (2000). Чыгункамі і аўтадарогамі звязаны з нас. пунктамі зоны Суэцкага канала і дэльты Ніла. Аэрапорт. Гандл.трансп. і бункеровачны цэнтр міжнар. значэння. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая, тэкстыльная. Вялікія халадзільныя ўстаноўкі і складскія памяшканні. Турызм.
т. 12, с. 514
ПОРТ-СТЭ́НЛІ (Port Stanley),
горад, адм. ц. Фалклендскіх (Мальвінскіх) а-воў, на в-ве Усх. Фолкленд (Саледад). 2,3 тыс. ж. (1995). Марскі порт. Прадпрыемствы па апрацоўцы авечай воўны і мяса.
т. 12, с. 514
ПОРТ-СУДА́Н,
горад на ПнУ Судана, у прав. Касала. Засн. ў 1908. Каля 300 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны на Чырвоным м. Чыгункай і аўтадарогамі злучаны з далінай р. Ніл. Аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., суднарамонтная, харчовая. Паблізу — здабыча солі з марской вады.
т. 12, с. 514